4 траўня 2024, Субота, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейцы адзначылі Дзень Волі ўскладаннем кветак

1
Берасцейцы адзначылі Дзень Волі ўскладаннем кветак

У Берасці актывісты дэмакратычных сіл 25 сакавіка правялі акцыі, прымеркаваныя да 97-й гадавіны абвяшчэння БНР.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, у першай палове дня сацыял-дэмакраты, актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і Партыі БНФ на Трышынскіх могілках усклалі кветкі да магілы прыхільніка БНР Адама Трыпуса.

«Паколькі гэтая значная дата ўладамі ігнаруецца, мы зрабілі акцэнт на інфармацыйны складнік. Намі падрыхтаваны тэматычны выпуск бюлетэня «За наш горад», які прысвечаны гісторыі абвяшчэння незалежнасці і заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку выхадцам Берасцейшчыны», - дапоўніў Маслоўскі.

Паводле ягоных слоў, гэты бюлетэнь сацыял-дэмакраты і актывісты «Гавары праўду» распаўсюдзілі сярод жыхароў горада, актывісты раздавалі яго насупраць старога корпуса Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.С.Пушкіна на вуліцы Міцкевіча.

«Калісьці ў гэтым будынку была мужчынская гімназія. У ёй вучыўся Аляксандр Цвікевіч, які пасля стаў кіраўніком урада Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым адным з заснавальнікаў Акадэміі навук БССР, - адзначыў Маслоўскі. - На жаль, памяць аб ім у Берасці не ўвекавечаная. І мы маем намер звярнуцца да ўладаў з прапановай усталяваць на гэтым будынку мемарыяльную дошку ў гонар знакамітага земляка».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках