4 траўня 2024, Субота, 6:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джэрэмі Кларксан звольнены з BBC

5
Джэрэмі Кларксан звольнены з BBC

Кіраўніцтва BBC абвясціла аб сваёй пастанове не аднаўляць кантракт з вядоўцам тэлепраграмы Top Gear Джэрэмі Кларксанам.

Папулярны вядоўца Джэрэмі Кларксан быў адхілены ад эфіру 16 дзён таму пасля бойкі з прадусарам, паведамляе BBC.

Са слоў генеральнага дырэктара BBC Тоні Хола, гэтая пастанова далася нялёгка, і меркаванні ў кіраўніцтве карпарацыі падзяліліся.

Цяперашні кантракт BBC з Кларксанам заканчваецца ў канцы сакавіка.

Унутранае расследаванне пад кіраўніцтвам дырэктара шатландскай філіі BBC Кена Макуоры прыйшло да высновы, што бойка вядоўцы Top Gear з прадусарам праграмы Ашынам Тайманам сапраўды мела месца і доўжылася блізу 30 сэкундаў

"Падчас фізічнага нападу Ашыну Тайману быў нанесены ўдар, які пацягнуў распуханне і крывацёк губы", - гаворыцца ў справаздачы аб выніках расследавання BBC.

Акрамя таго, у часе расследавання высветлілася, што прадусар доўгі час зазнаваў слоўныя абразы з боку Джэрэмі Кларксана.

Сам Ашын Тайман, наколькі вядома, не пісаў афіцыйнай скаргі на Кларксана.

Сварка на здымках

Як сцвярджаюць відавочцы, сварка на здымках паўстала праз тое, што пасля здымачнага дня ў Паўночным Ёркшыры для ўдзельнікаў не было прыгатаванае гарачае харчаванне.

Пасля бойкі Кларксан сам затэлефанаваў кіраўніку тэлепраграм BBC Дэні Коэну і праінфармаваў яго пра інцыдэнт, папрасіўшы правесці ўнутранае расследаванне.

Праграма Top Gear з'яўляецца адной з самых папулярных і прыбытковых тэлепраграм BBC з глабальнай аўдыторыяй 350 млн чалавек.

Яе поспех шмат у чым тлумачыўся асабістай папулярнасцю вядоўцы, вядомага сваімі скандальнымі выказваннямі.

У траўні летась Кларксан, які вядзе Top Gear з 1988 года, атрымаў ад кіраўніцтва BBC "астатняе папярэджанне" ў сувязі з выказваннямі расісцкага характару.

Летась тэлепраграма Top Gear падпадала пад цэнзуру за парушэнне правілаў вяшчання, пасля таго як Кларксан выкарыстаў абразлівае для выхадцаў з Азіі слова падчас адмысловай праграмы пра Бірму.

Аднойчы Джэрэмі Кларксан параўнаў язду на дрэнных аўтамабілях з "неабароненым сэксам з этыёпам-трансвестытам".

Адхіленне вядоўцы ад эфіру выклікала вірлівую рэакцыю ягоных прыхільнікаў: петыцыя з патрабаваннем вярнуць Кларксана ўжо сабрала амаль паўтары мільёны подпісаў.

Найбольш яскравыя цытаты Джэрэмі Кларксана

Мы ўсе ведаем, што малалітражныя самаходы больш карысныя, чым спорткары - як карысныя рыбін тлушч і ранішняя прабежка.

Я не разумею, навошта патрэбныя вылучаныя палосы для аўтобусаў. Чаму тыя, у каго няма грошай, павінны ездзіць хутчэй за мяне?

Пра Alfa Romeo Brera: Думайце пра яе як пра Анжаліну Джолі. Вы чулі, што яна звар'яцела і нічога не есць, акрамя клею для шпалер. Але вы ўсё адно былі б не супраць, праўда?

З майго пункту гледжання, Ferrari - гэта проста паменшаная ў маштабе копія госпада бога.

Ferrari 355 - гэта перапёлчына яйка, закрашанае сельдэрэйнай соллю і пададзенае да стала ў пупку Джуліі Робэртс.

Брытанскія атамныя субмарыны прызнаныя небяспечнымі... Чаму б гэта? Напэўна, таму што ў іх няма пандуса для інвалідных вазкоў.

Suzuki Wagon R трэба старанна ўнікаць - як неабароненага сэксу з трансвестытам з Этыёпіі.

Калі ў мяне бессань, дастаткова аднаго погляду на фотаздымак Toyota Camry - і я сплю як немаўля.

Хуткасць яшчэ ніколі нікога не забіла, а вось раптоўнае спыненне пасярод дарогі... вось што забівае.

Ідэя гоначных самаходаў, якія былі адаптаваныя для язды па звычайных дарогах, не працуе. Гэта прыкладна як зняць жорсткае порна, а потым перамантаваць яго так, каб можна было паказваць у брытанскіх гатэлях. Што ў вас выйдзе? Сапраўды: паўгадзінны буйны план нечага потнага твару.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках