4 траўня 2024, Субота, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнты аб размеркаванні: Тры мільёны - вось наша рэчаіснасць

6

Як беларускія студэнты ставяцца да размеркавання? Ці адчуваюць яны энтузіязм, калі чуюць адвечнае "Хойнікі чакаюць"?

Даслоўна ўчора рэктар БДУ Сяргей Абламейка паведаміў журналістам, што сёлета размеркаванне для ўсіх студэнтаў стане вялікім шчасцем, бо ў часы крызісу знайсці сабе працоўнае месца вельмі складана. Таму трэба прымаць прапановы дзяржавы з радасцю на твары. А як беларускія студэнты ставяцца да гэтай абавязковай працэдуры напраўду? Ці адчуваюць яны энтузіязм, калі чуюць адвечнае «Хойнікі чакаюць»? Сёння ў рубрыцы «Партрэты» Onliner.by даў слова пяцікурснікам БДУІРа, БНТУ і БДУ.

Максім, 22 гады, пяцікурснік аўтатрактарнага факультэта БНТУ:

- Вучуся на бюджэце на спецыяльнасці «Рухавікі ўнутранага згарання». Ужо неўзабаве мяне чакае размеркаванне. Мне давялося адвучыцца пяць гадоў, а ёсць у нас і студэнты, якія выпускаюцца на чацвёртым курсе. Але гэта тычыцца іншых спецыяльнасцяў. Размяркоўваюць нас па заводах, калі сам не знойдзеш працоўнае месца. Цяпер на факультэт прыйшлі заяўкі ад Менскага завода колавых цягачоў, Менскага аўтамабільнага завода, Беларускага аўтамабільнага завода... На размеркаванні кожны бюджэтнік у групе будзе падыходзіць паводле чаргі (у залежнасці ад сярэдняга бала) і выбіраць з усіх заявак. Але можна, вядома, і самому знайсці працу. Галоўнае - паводле спецыяльнасці. Выходзіць, кожны мае два варыянты. Пайсці ў прыватную кампанію і зарабляць 8 млн, але марнаваць вялікую суму на здымнае жыллё альбо ўладкавацца на завод, дзе будзеш мець 5 млн, затое бясплатнае месца ў інтэрнаце гарантаванае. Я выбіраю першы варыянт. Для нашай спецыяльнасці самае прывабнае месца - гэта «Атлант-М». Майстры-прымачы, кансультанты атрымліваюць там па 10 млн. Але заяўкі з гэтай кампаніі на наш факультэт, на жаль, не прыходзяць.

Арцём і Аляксей, 22 гады, пяцікурснікі юрыдычнага факультэта БДУ:

- Да 5 красавіка трэба аднесці на кафедру дакумэнты - заяву аб размеркаванні. А ў канцы месяца пройдзе камісія аб размеркаванні. Цяпер ёсць некалькі варыянтаў, куды можна пайсці на працу. Яшчэ будзем размаўляць з працадаўцамі, вызначаць, што больш зручна. Думаю [кажа Арцём. - Заўвага. Onliner.by], найбліжэйшым часам ужо змагу аднесці заяўкі ва ўніверсітэт. Я маю некалькі варыянтаў: адна дзяржаўная кампанія і дзве прыватныя. Нам дазваляюць размяркоўвацца ў прыватныя фірмы, галоўнае, каб гэта адпавядала профілю спецыяльнасці. Выпускніку юрфака без стажу, натуральна, шмат не выпадае. Вялікім кампаніям патрэбная практыка, досвед працы. Я разлічваю на першы заробак 5-6 млн. Думаю, на гэтыя грошы змагу пацягнуць здымную кватэру разам са сваёй дзяўчынай. ВНУ прапануе размеркаванне ў Міністэрства юстыцыі, пракуратуру і Следчы камітэт. У СК плацяць 3-6 млн, але ахвочых не шмат. Адвакатура, натарыят, добрыя кансультацыйныя фірмы, вялікія ІТ, будаўнічыя, банкавыя кампаніі - вось тыя месцы, дзе мараць працаваць юрысты.

Антон, 28 гадоў, пяцікурснік факультэта кампутарнага праектавання БДУІРа:

- Мая спецыяльнасць - гэта «Інжынерна-праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Я паступіў на платнае навучанне, але на чацвёртым курсе перавёўся на бюджэтнае. Так што размеркаванне мяне не закране. Пытанне з будучай працай я развязаў толькі часткова. Нейкія варыянты маю, але сказаць дакладна не магу. Зазвычай выпускнікі нашай спецыяльнасці працуюць праграмістамі ў розных кампаніях, такіх як EPAM, Itransition ды іншых. Я ж, калі шчыра, хачу застацца ў ВНУ. Пайду ў магістратуру, а потым буду выкладаць ва ўніверсітэце. Гэта лепшы варыянт, улічваючы ўсе абставіны, у тым ліку бясплатнае месца ў студэнцкім інтэрнаце.

Антон, 23 гады, пяцікурснік факультэта кампутарнага праектавання БДУІРа, грамадзянін Туркменістана:

- Я замежны грамадзянін, вучуся на платным навучанні. Кошт навучання для мяне не мяняўся на працягу пяці гадоў. Штогод плачу $2200. Так што размеркавання ў мяне не будзе. У прынцыпе, я маю магчымасць звярнуцца да факультэта па дапамогу ў пошуку працы, але патрэбы такой няма. Я не шукаў ніякіх варыянтаў працы для сябе, бо мяне чакае вайсковы абавязак у Туркменістане. Калі скончу навучанне ў Беларусі, паеду дадому служыць у войску. Тым, хто не мае вышэйшай адукацыі, на маёй радзіме трэба адслужыць тры гады. А мне - два. Я гляджу на гэта з энтузіязмам. Чаму не? Трэба выканаць свой абавязак. Адслужыў і буду працаваць паводле спецыяльнасці. Я паступаў не наўзгад, свядома абраў БДУІР, бо хацеў быць праграмістам у шырокім сэнсе гэтага слова. Я буду мець магчымасць вярнуцца ў Беларусь або застацца ў Туркменістане: там праграмісты таксама запатрабаваныя, добра зарабляюць.

Наталля, 21 год, пяцікурсніца БДУІРа, спецыяльнасць «Медэлектроніка»:

- Папярэдняе размеркаванне прайшло ў нас у лістападзе, але пасля абароны дыплома пры жаданні яшчэ можна пераразмеркавацца. Але збольшага ўсё адразу размяркоўваюцца куды хочуць. Можна пайсці працаваць у прыватную кампанію, калі гэта блізка з тваёй спецыяльнасцю. А раз назва нашай прафесіі гучыць як «інжынер радыёэлектронікі», то можаш уладкавацца куды хочаш: не толькі ў медыцыну, але і ў прыватную кампанію. Калі браць маю групу, то ўсё самі знайшлі сабе месца. Праўда, калі маладога спецыяліста хоча забраць прыватная фірма, то яна павінна заплаціць універсітэту невялікі «выкуп». Але я ўсіх падрабязнасцяў не ведаю, бо сама абрала дзяржаўнае прадпрыемства. Я буду працаваць у лекава-дыягнастычным цэнтры ў Магілёве. Размяркоўвалася знарок бліжэй да дому, да вёскі Ліпаўка Магілёўскай вобласці. Хоць мне прапаноўвалі працу ў Менску ў анкалагічным цэнтры і на «Інтэграле». У Магілёве мне абяцаюць 5 млн заробку плюс месца ў інтэрнаце. Але я меруся адмовіцца ад інтэрната і здымаць кватэру. У Магілёве ж жыллё недарагое. Уяўлення пра тое, што маладыя праграмісты - выпускнікі БДУІРа без досведу працы могуць першапачаткова разлічваць на заробак $1000 - гэта ілюзія. 5 млн - цалкам нармальна на першы час. Для Магілёва, вядома, не для Менска. У Касцюковіцкай раённай лякарні мне наогул прапаноўвалі месца з заробкам меншым за 3 млн, але я адмовілася.

Ірына, 22 гады, пяцікурсніца БДУІРа, спецыяльнасць «Інжынерна-праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій»:

- Я размяркоўваюся на кафедру факультэта на пасаду інжынера-праграміста. Заробак - 5 млн на поўную стаўку. Яшчэ меруся паступаць у магістратуру, так што, думаю, працаваць буду на паўстаўкі. Магістратура для мяне - гэта не адтэрміноўка. Мне сапраўды цікавая навука, для мяне гэта задавальненне. Да таго ж цяпер у магістратуры вучацца толькі год. Хіба гэта дастатковы час для адтэрміноўкі? Адсоткаў восемдзесят маіх аднагрупнікаў ужо працавалі з чацвёртага курса. А некаторыя яшчэ з трэцяга. Так што размяркоўваліся ва ўжо знаёмыя месцы. Сама я з Гомеля, але застаюся ў Менску, бо тут мой муж.

Ілля, 21 год, пяцікурснік факультэта кампутарнага праектавання БДУІРа:

- Я ўжо больш за год працую інжынерам-канструктарам у прыватнай кампаніі, так што з маім размеркаваннем усе першапачаткова было вядома. Пачынаў я з заплаты 5 млн, але цяпер бяру значна больш. Да $1000, праўда, пакуль не дацягваю, але ўсё наперадзе. Кіраўніцтва ў мяне добрае, так што я веру ў свае перспектывы. Пачаткоўцу надта плаціць не хочуць, але, калі ты ўліваешся ў калектыў і паказваеш, на што здольны, заробак расце прапарцыйна тваім дасягненням. Раз я пачаў працаваць яшчэ на чацвёртым курсе, з фірмай даўно пра ўсё дамовіўся, так што цяпер размеркаванне было для мяне простай фармальнасцю. Кампанія ўклала дамову з універсітэтам і выплаціла матэрыяльную дапамогу ВНУ пад 20 млн, каб мне дазволілі да іх размеркавацца. Гэтыя грошы не будуць адымаць з майго заробку. Затое фірма мае гарантыя, што на працягу двух гадоў я не пайду - пакуль не адпрацую належны тэрмін. Так што дырэктар зрабіў уклад у будучыню.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках