1 траўня 2024, Серада, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскага школьніка падазраюць у распаўсюдзе наркотыкаў

5
Берасцейскага школьніка падазраюць у распаўсюдзе наркотыкаў

Вучань 11-га класа адной са школ Берасця ўзяты пад варту праз падазрэнні ў распаўсюдзе наркотыкаў.

Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні аблвыканкама начальнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Фёдар Балейка, паведамляе БелТА.

У дачыненні да непаўналетняга распачатая крымінальная справа. Было высветлена, што педагогі ўстановы адукацыі, дзе вучыцца падлетак, мелі звесткі аб ягоным дачыненні да спажывання і распаўсюджвання наркотыкаў, аднак органы ўнутраных спраў пра гэта не інфармавалі.

Фёдар Балейка са шкадаваннем канстатаваў, што выяўлены прыклад не адзінкавы ў распаўсюджванні наркаманіі ў моладзевым асяроддзі. Так, у лютым завершанае папярэдняе расследаванне ў дачыненні да групы падлеткаў, у віну якім ставіцца ўчыненне серыі злачынстваў, звязаных з крадзяжом маёмасці грамадзян. Падчас следства высветлена, што падлеткі ўчынялі злачынныя дзеі з мэтай атрымання грашовых сродкаў на набыццё спайсаў.

Усяго за два месяцы гэтага года праваахоўнікі вобласці зарэгістравалі 18 фактаў затрыманняў навучэнцаў розных тыпаў устаноў. Ва ўсіх выпадках аб'ектамі злачынстваў станавіліся забароненыя курыльныя сумесі. Для надавання медыцынскай дапамогі з дыягназам "атручэнне наркатычнымі рэчывамі" ва ўстановы аховы здароўя вобласці дастаўленыя 7 непаўналетніх. На 1 сакавіка ў лекараў-нарколагаў назіраецца 46 падлеткаў. Летась на такім уліку былі 33 непаўналетнія.

Праблема наркаманіі ў моладзевым асяроддзі выйшла за межы кампетэнцыі органаў унутраных спраў і стала сацыяльнай, адзначыў Фёдар Балейка. Ён паведаміў, што найбліжэйшым часам запланаванае правядзенне каардынацыйнай нарады пры намесніку старшыні аблвыканкама з удзелам усіх зацікаўленых структур. Чакаецца, што на ім будуць выпрацаваныя дадатковыя меры і прыняты план практычных мерапрыемстваў у супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, а таксама ў прафілактыцы іх спажывання ў Берасцейскай вобласці на 2015 год.

Сёння на пасяджэнні аблвыканкама разгледжана пытанне аб эфектыўнасці мер, што прымаюцца ў забеспячэнні бяспекі і прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх на тэрыторыі Берасцейскай вобласці.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках