1 траўня 2024, Серада, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ажубаліс: Падчас вайны ў Грузіі Лукашэнка адмовіўся прапусціць самалёт з лідарамі краін ЕЗ

10
Ажубаліс: Падчас вайны ў Грузіі Лукашэнка адмовіўся прапусціць самалёт з лідарамі краін ЕЗ

Экс-міністр замежных спраў Літвы заклікаў не верыць беларускаму дыктатару.

Пра гэта, як паведамляе карэспандэнт charter97.org, Аўдронюс Ажубаліс заявіў падчас свайго выступу на канферэнцыі, прысвечанай Дню Волі ў Вільні.

Былы міністр замежных спраў Літвы адзначыў, што яму цяжка ўспомніць, колькі разоў даводзілася ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, «казаць правільныя словы, падпісваць правільныя рэзалюцыі, пасля якіх нічога не змянілася».

«У гэтым у першую чаргу вінаватая не беларуская апазіцыя і не сам дыктатар. Такая ягоная прырода, ён з'яўляецца дыктатарам, пакуль яму гэта дазваляюць. Напэўна, большая частка віны за гэта ляжыць на нас - на тых, хто прывык да дэмакратыі, правоў чалавека, але паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі прагматычна. І гэтым легалізуе існаванне такога рэжыму», - мяркуе Аўдронюс Ажубаліс.

Крызіс дачыненняў Захаду і Расеі паглыбляецца. У той жа час, са слоў былога міністра, Аляксандр Лукашэнка знаходзіць у гэтай сітуацыі месца для манеўру, выдатна карыстаючыся момантам.

«Менск стаў месцам перамоваў Украіны і Расеі. Паводле выразу аднаго журналіста, пасярэдніцтва Лукашэнкі палягае ў паднясенні гарбаты, але для ўнутранай аўдыторыі ён нясе пэўнае пасланне: мы тут і цяпер - месца нумар адзін Еўропы, у нас збіраюцца ўсе найбуйнейшыя гульцы для таго, каб спыніць вайну ва Украіне».

Прадстаўнікі Захаду пры гэтым, са слоў Аўдронюса Ажубаліса, «знаходзяцца ў становішчы трэцяга брата».

«Зразумела, што ЕЗ не адышоў ад стану шоку пасля агрэсіі Расеі супраць Украіны і ў такім стане росквіт аўтарытарызму, палітычныя зняволеныя, сістэматычнае ігнараванне правоў чалавека, цэнзура СМІ для яго здаецца нязначнымі фактамі - у Беларусі сядзяць шэсць чалавек, а ў Данбасе людзі гінуць», - сказаў ён.

З іншага боку, на думку былога міністра, добразычлівасць некаторых еўрапейцаў да Беларусі - не выпадковая: «Гэта не толькі праява наіўнасці некаторых палітыкаў, але і следства прагматычных інтарэсаў».

«Тая ці іншая дзяржава робіць рэверансы рэжыму з надзеяй, што пэўныя грузы з Беларусі пойдуць праз парты, якія належаць яму. Што грузы могуць пайсці не праз Клайпеду, а трохі паўночней. На жаль, Лукашэнка ўмее лічыць грошы, кожны еўра і кожны даляр», - падкрэсліў ён.

Апошні падарунак афіцыйнаму Менску, са слоў Аўдронюса Ажубаліса, - візавы рэжым.

«Ёсць намер шэрагу еўрапейскіх краін і Латвіі, якая старшынюе ў ЕЗ, паднесці беларускім уладам чарговы падарунак перад прэзідэнцкімі «выбарамі» - дапамагчы ім «прадаць» такое дасягненне, як бязвізавы рэжым», - адзначыў былы міністр. Пры гэтым ён нагадаў, што Літва пачала размову пра спрошчаны візавы рэжым у 2010 годзе і два гады пасля гэтага Брусэль афіцыйна звяртаўся да беларускіх уладаў з прапановай пачаць перамовы аб спрошчаным візавым рэжыме.

«Зразумела, што тады для іх (беларускага кіраўніцтва - рэд.) гэта было неактуальна. «Выбары» прэзідэнта прайшлі, усе апаненты сядзелі ў турмах, таму ніякага жадання не было. І калі ў кастрычніку, хутчэй за ўсё, будуць новыя «выбары», гэта стане добрым падарункам для Лукашэнкі», - мяркуе літоўскі палітык. Такія паводзіны еўрапейцаў Аўдронюс Ажубаліс называе не прадбачлівымі.

Гаворачы аб паслабленнях беларускаму рэжыму, ён таксама нагадаў аб так званым «пацяпленні» стасункаў з Беларуссю ў 2008 годзе, калі пачалася вайна Расеі і Грузіі. Палітык распавёў аб цікавым факце: у самы адказны момант, калі прэзідэнты Польшчы, Літвы, Эстоніі і Латвіі прынялі пастанову выехаць у Тбілісі і выказаць салідарнасць, адказ афіцыйнага Менска быў просты: «Калі паляціце ў Грузію, то беларуская паветраная прастора будзе для вас закрытая».

«Гэта трэба мець на ўвазе, калі гаворка заходзіць пра «пацяпленне» стасункаў. Гэта паказвае, што за чалавек Лукашэнка і якая ягоная натура», - сказаў палітык.

Аўдронюс Ажубаліс нагадаў і аб дамове аб памежным руху паміж Беларуссю і Літвой. Тады ў 2010 годзе ён і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ прыбылі з візітам у Менск з надзеяй, што змогуць дапамагчы адкрыць новую старонку ў стасунках. Была падпісаная дамова аб малым памежным руху. «Я падпісаў тады дамову з калегам Сяргеем Мартынавым, Сейм Літвы праз паўгода яе ратыфікаваў, але па гэты дзень яна не ўвайшла ў дзеянне. Яна нявыгадная Лукашэнку, які вельмі добра скарыстаўся ёй перад «выбарамі», - мяркуе палітык.

«Спрабаваць трэба заўсёды, але спрабуючы, не трэба мець ніякіх ілюзій», - падкрэсліў ён.

Былы міністр нагадаў і пра словы забітага ў канцы лютага ў Маскве апазіцыйнага расейскага палітыка Барыса Нямцова, сказаныя ім год таму: «Самае дрэннае, што можа здарыцца, і да чаго набліжаецца Расея - гэта сістэма Лукашэнкі». «Такім чынам Нямцоў прызнаў, што сітуацыя ў Беларусі нашмат горшая, чым у самой Расеі, - сказаў Аўдронюс Ажубаліс. - Таму, калі бачыш, што нейкія лідары ЕЗ хочуць бачыць у Лукашэнку свайго хаўрусніка, то разумееш, які абсурд існуе ў палітычнай рэальнасці».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках