30 красавiка 2024, aўторак, 22:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Паўднёвай Фларыдзе адсвяткавалі Дзень Волі (Фота)

8

25 сакавіка аддзяленне Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) у Паўднёвай Фларыдзе адсвяткавала Дзень Волі.

Цяперашняе святкаванне гадавіны заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі сабрала як беларусаў, якія пражываюць у Паўднёвай Фларыдзе, так і прыезджых гасцей, паведамілі charter97.org арганізатары мерапрыемства.

Мерапрыемства ўшанавалі сваёй прысутнасцю такія выбітныя беларусы замежжа як Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Вячка Станкевіч, арганізацыйны замежны дырэктар Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), а таксама Ала Орса-Рамана, прэзідэнт культурна-адукацыйнага Фонду Орса-Рамана, сакратар утварэння пры Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дзень Волі таксама зацікавіў акадэмічную эліту Паўднёвай Фларыды. Шэраг прафесараў і студэнтаў фларыдскага Міжнароднага Універсітэта актыўна ўдзельнічалі ў святочнай дыскусіі пад назвай «Беларусь: У нас ёсць надзея».

Івонка Сурвіла першай павіншавала прысутных з Днём Волі. Яна распавяла прысутным пра гісторыю ўзнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), а таксама аб яе гістарычнай значнасці для беларускага народа. На яе думку, абвяшчэнне БНР - адна з самых значных падзей для сучаснай гісторыі Беларусі, бо БНР, а не БССР, заклала аснову беларускай дзяржаўнасці.

Івонка Сурвіла адзначыла, што незалежнасць сучаснай Беларусі знаходзіцца пад пагрозай праз палітыку экспансіі з боку Расеі. Любоў да сваёй краіны і салідарнасць беларусаў, з яе слоў, з'яўляюцца неабходнымі ўмовамі для захавання незалежнасці Беларусі і правядзення дэмакратычных рэформаў у краіне.

Вячка Станкевіч у сваю чаргу распавёў пра гісторыю ўзнікнення Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), якое было заснаванае ў 1949 годзе пасляваеннай эміграцыяй беларусаў. Са слоў выступоўцы, арганізацыя была створаная для прадстаўлення інтарэсаў беларусаў у ЗША.

У сваім выступе старшыня аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) у Паўднёвай Фларыдзе Сяргей Волкаў выказаў сваё меркаванне наконт таго, чаму беларускія ўлады адмаўляюць Дзень Волі, зневажаюць гістарычную значнасць БНР і забараняюць святкаванне Дня Волі ў Беларусі. На ягоную думку, стварэнне і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе з'явілася вынікам волевыяўлення беларусаў. У сучаснай Беларусі БНР стала сімвалам свабоды, незалежнасці і свабоднага волевыяўлення народа. БССР, якая была гвалтоўна створаная бальшавікамі пасля разгону БНР, не мае нічога агульнага з воляй беларусаў. БССР уяўляе сабой мадэль дыктатарскага рэжыму ў краіне, якую імкнуцца стварыць беларускі ўлады ў сучаснай Беларусі. Імкненне ўтрымаць уладу ўсякай цаной і спыненне ўсякай крытыкі дзейнасці дзяржаўных органаў, уласцівыя сучаснай Беларусі і БССР, у корані супярэчаць ідэям, закладзеным пры стварэнні БНР.

На ягоную думку, абвяшчэнне БНР было натуральным вынікам імкнення беларускага народа да свабоды. Са слоў выступоўцы, БНР, з усімі яе недахопамі, была нашай першай сапраўднай нацыянальнай дзяржавай. Культурнае і гістарычнае значэнне БНР для беларускага народа выходзіць далёка за рамкі часу яе фактычнага існавання на тэрыторыі Беларусі.

Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства з белых і чырвоных лістоў паперы стварылі «жывы» сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках