3 траўня 2024, Пятніца, 22:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ілля Яшын: Сем'ям расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на Данбасе, заплацілі за маўчанне

15
Ілля Яшын: Сем'ям расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на Данбасе, заплацілі за маўчанне

Для атрымання кампенсацыі сваякі павінны былі падпісаць дакумент аб не выдаванні таямніцы.

Пра гэта сведчаць звесткі, сабраныя расейскім апазіцыйным палітыкам Барысам Нямцовым. Інфармацыю апублікаваў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" актывіст расейскай апазіцыі Ілля Яшын, які працуе над сабранымі забітым 27 лютага Барысам Нямцовым матэрыяламі што да вайны Расеі супраць Украіны.

"Атрымалася пагутарыць з людзьмі, якія былі крыніцамі Нямцова. Яны вельмі баяліся распавядаць, калі ён быў жывы. Забойства Барыса, як вы разумееце, смеласці ім не дадало, так што на кантакт яны ішлі з цяжкасцю. Крыніцы гэтыя прадстаўляюць інтарэсы сваякоў загінулых вайскоўцаў, якім не выплачваюць абяцаныя кампенсацыі. У канцы студзеня яны нефармальна звярнуліся да Нямцова, каб ён націснуў на Мінабароны і дапамог дамагчыся выплат", - распавёў ён.

Са слоў Яшына, масава расейскія жаўнеры гінулі на ўсходзе Украіны ў два перыяды.

"Першая хваля трунаў пайшла ў Расею летам мінулага года, калі ўкраінскае войска пайшло ў наступ і вызваляла адзін за адным гарады ў Данецкай і Луганскай абласцях. Наступленне было спыненае пасля наўпроставага ўмяшання частак расейскага войска. Калі хаваць прысутнасць у зоне канфлікту расейскіх вайскоўцаў стала немагчымым, Мінабароны постфактум прыдумала версію, што ўсе яны паехалі ваяваць падчас свайго законнага адпачынку", - піша апазіцыянер.

Яшын адзначае, што тады гэтую інфармацыю не атрымалася ўтаіць, і журналістам удалося праліць святло на сітуацыю.

"Аднак, да здзіўлення многіх, супрацьдзейнічалі незалежнаму расследаванню не толькі афіцыйныя ўлады, але і сем'і загінулых жаўнераў. Паводле інфармацыі крыніц Нямцова, гэта тлумачыцца тым, што сваякі атрымалі ў якасці кампенсацыі значныя сродкі - па 3 мільёны рублёў. Адначасова яны давалі падпіскі пра неразгалошванне пад пагрозай крымінальнага пераследу", - паведаміў ён.

Другая хваля трунаў масава пайшла ў Расею ў студзені і пачатку лютага 2015 года, у перыяд супрацьстаяння ў Дэбальцаве.

Аднак на гэты раз, са слоў Яшына, сваякі ніякіх кампенсацый не атрымалі, бо цяпер перад адпраўкай на Данбас вайскоўцы не "сыходзілі ў адпачынак", як раней, а "звальняліся са службы".

"На практыцы ж ніякіх кампенсацый на гэты раз сваякі не атрымалі. Камандзіры разводзілі рукамі і спасылаліся на начальства. Афіцыйна звяртацца па кампенсацыю магчымасці не было, бо фармальна загінулыя жаўнеры ўжо не з'яўляліся вайскоўцамі", - адзначыў ён.

Раней Яшын паведаміў, што даклад Барыса Нямцова пра ролю Расеі ў канфлікце ва Украіне, над якім апазіцыйны палітык працаваў перад сваім забойствам, будзе апублікаваны да сярэдзіны красавіка.

Фота: Wikireality

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках