4 траўня 2024, Субота, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна прапанаваў увесці цэнзуру ў тэатрах

6
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна прапанаваў увесці цэнзуру ў тэатрах

Чыноўнік заявіў, што рэпертуар дзяржаўных тэатраў перад паказам трэба праглядаць.

Са слоў намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Магамедсалама Магамедава, гэта дапаможа пазбегнуць сітуацыі з пастаноўкай оперы "Тангейзер" у Новасібірску, паведамляе РІА "Новости".

"Я сёння размаўляў з міністэрствам культуры. Напэўна, трэба на нейкім этапе праглядаць рэпертуар, асабліва дзяржаўных тэатраў", - сказаў ён журналістам у панядзелак.

"Тут такая інтэрпрэтацыя Вагнера [у новасібірскай пастаноўцы оперы "Тангейзер"], што яна не спадабалася вялікай колькасці людзей, зачапіла пачуцці вернікаў, а гэтага дапускаць нельга. Мяркую, што мы не маем права, асабліва дзяржаўная творчая ўстанова, ставіць такія творы, якія абураюць нейкую частку насельніцтва і наносяць абразу пачуццям. Гэтага дапускаць нельга", - сказаў ён.

Магамедаў мяркуе, што прынятая Мінкультам РФ пастанова аб звальненні дырэктара новасібірскага тэатра Барыса Мездрыча правільная. "Трэба будзе і далей прасочваць, каб на пляцоўках важных і агульнарасейскіх былі творы, якія накіраваныя на згуртаванне нашых людзей, на адзінства народаў краіны, а не тыя, якія расколваюць грамадства", - сказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта.

Скандал з пастаноўкай оперы Вагнера "Тангейзер" узнік у Расеі ў канцы лютага праз тое, што адзін з персанажаў - рэжысёр - здымае фільм пра невядомае грахоўнае жыццё Езуса ў маладосці.

Праваслаўныя радыкалы выступілі з патрабаваннем забараніць пастаноўку і звольніць пастаноўшчыка і дырэктара оперы.

Пракуратура распачала адміністрацыйныя справы ў сувязі з "апаганьваннем прадметаў рэлігійнага шанавання" ў дачыненні да рэжысёра-пастаноўшчыка оперы "Тангейзер" Цімафея Кулябіна і дырэктара Новасібірскага дзяржаўнага опернага тэатра Барыса Мездрыча, які дапусціў оперу да паказу. Аднак суд спыніў адміністрацыйныя справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Пракуратура абскардзіла гэтую пастанову.

У нядзелю стала вядома, што Мездрыч звольнены з пасады дырэктара Новасібірскага дзяржаўнага опернага тэатра, а на ягонае месца прызначаны Уладзімір Кехман, дырэктар Міхайлаўскага тэатра ў Пецярбургу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках