4 траўня 2024, Субота, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гішпанскія ўлады замарозілі банкаўскія рахункі сотняў расейцаў

12
Гішпанскія ўлады замарозілі банкаўскія рахункі сотняў расейцаў

Улады Гішпаніі замарозілі банкаўскія рахункі расейцаў, якія жывуць у гэтай краіне, за тое, што яны своечасова не патлумачылі паходжанне сваіх капіталаў.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на валенсійскага адваката Грэгарыё Фуэнтэса. Са слоў юрыста, гаворка ідзе пра сотні чалавек.

Гішпанія ўзмацніла барацьбу з адмываннем злачынна нажытых капіталаў. Адначасова яна зрабіла больш жорсткім сваё падатковае заканадаўства і барацьбу з нявыплатай падаткаў. Гэтыя захады закранулі не толькі грамадзян Гішпаніі, але і замежнікаў, якія пражываюць тут стала, то бок з'яўляюцца падатковымі рэзідэнтамі. Так, паводле афіцыйнай статыстыкі, да пачатку 2015 у краіне пражывала блізу 65 тысяч расейцаў і 90 тысяч украінцаў. Аднак захады кантролю закранулі далёка не ўсіх, а толькі ўладальнікаў дарагой маёмасці і салідных банкаўскіх рахункаў.

Закон ёсць закон

"Закон аб барацьбе з адмываннем капіталаў, на падставе якога кампетэнтныя органы атрымалі права патрабаваць у замежнікаў дакументы аб паходжанні іх капіталаў, укладзеных у маёмасць або банкаўскія актывы, быў прыняты ў красавіку 2010 года", - растлумачыў Грэгарыё Фуэнтэс. Ён спецыялізуецца на абароне асоб, абвінавачаных у фінансавых і падатковых злачынствах. Са слоў адваката, адміністрацыя атрымала права замарожваць рахункі тых асоб, хто "не адрэагаваў у адведзеныя тэрміны - звычайна гэта два-тры месяцы - на патрабаванне падаць даведку аб паходжанні сваіх капіталаў". Рэалізавацца гэта права стала ў мінулым годзе.

Фуэнтэс таксама нагадаў, што з вясны 2014 падатковая інспекцыя стала патрабаваць у замежнікаў штогод запаўняць так званую форму №720 - дэкларацыю аб наяўнасці за межамі Гішпаніі ўласнасці - нерухомасці і банкаўскіх актываў на агульную суму больш за 50 тысяч еўра. За утойванне свайго замежнага багацця парушальнікам пагражае штраф ад 5 да 10 тысяч еўра. Паводле звестак адваката, для праверкі правільнасці запаўнення названай формы гішпанскія падаткавікі звязваюцца са сваімі замежнымі калегамі, уключаючы расейскіх і ўкраінскіх.

Выбарачны падыход

Суразмоўца сцвярджае, што патрабаванні растлумачыць паходжанне даходаў і даць справаздачу за пакінутае на радзіме багацце, выстаўляюцца далёка не ўсім замежнікам. "Калі вы, працоўны мігрант, ездзіце на працу на ровары, жывяце ў арэндаванай мансардзе, а ў банку маеце некалькі соцень еўра, то вас, натуральна, ніхто турбаваць не будзе", - адзначыў адвакат. - Але калі вы набылі асабняк за некалькі мільёнаў, скупілі акцыі на аналагічную суму і ездзіце на бэнтлі, то будзьце ўпэўненыя - рана ці позна вы трапіце ў поле зроку кампетэнтных органаў, і вас папросяць пра неабходнасць растлумачыць паходжанне даходаў".

Паводле звестак гішпанскага адваката, "далёка не ўсе багатыя расейцы змаглі падаць дакументы, якія сведчаць аб законным паходжанні прывезеных у Гішпанію грошай", а таму іх рахункі былі замарожаныя. Фуэнтэс прызнаўся, што сярод апошніх выявіліся не менш за дзясятак ягоных расейскіх і ўкраінскіх знаёмых, якія жывуць у Валенсійскай аўтаномнай супольнасці. А ўсяго, паводле звестак юрыста, пад названую санкцыю падпалі "сотні выхадцаў з былога СССР". Больш дакладнай інфармацыяй ён не валодае, бо гэтыя звесткі ўладамі пакуль не рассакрэчваюцца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках