3 траўня 2024, Пятніца, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гаажскі трыбунал адклікаў пастанову аб вызваленні Ваіслава Шэшаля

Гаажскі трыбунал адклікаў пастанову аб вызваленні Ваіслава Шэшаля

Паплечнік Мілошавіча парушыў умовы свайго вызвалення.

Гаажскі трыбунал адклікаў сваю пастанову аб вызваленні лідара Сербскай радыкальнай партыі Ваіслава Шэшаля. Пра гэта паведамляе Lenta.ru са спасылкай на Reuters.

Як гаворыцца ў заяве Міжнароднага трыбунала аб былой Югаславіі (МТБЮ), Шэшаль парушыў умовы свайго вызвалення. Прынамсі, Шэшалю прадпісвалася прыбыць у Гаагу па першым выкліку, аднак сербскі палітык неаднаразова заяўляў, што рабіць гэтага не мае намеру.

Даведаўшыся аб скасаванні пастановы МТБЮ, Шэшаль заявіў, што добраахвотна ў камеру не вернецца і будзе адстойваць свае пазіцыі ў сербскім судзе. «Хай паліцыя прыходзіць і паспрабуе мяне арыштаваць, гарантую, гэта будзе нялёгкай справай», - сказаў ён.

Шэшаль, у якога дыягнаставалі рак, быў часова вызвалены з-пад варты ў лістападзе 2014 года. Пастанова была прынятая «з гуманных меркаванняў»: яму дазволілі звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў Сербіі пры ўмове, што ён не будзе ціснуць на пацярпелых або сведак паводле ягонай справы і вернецца ў суд, калі яго выкліча суддзя.

Шэшаль знаходзіцца пад вартай у Гаазе з 2003 года, працэс паводле ягонай справы быў пачаты ў 2007 годзе. Ён паўстаў перад МТБЮ добраахвотна. Палітыка абвінавачваюць ва ўчыненні ваенных злачынстваў у 1991-1994 гадах, а менавіта ў падбухторванні да гвалту супраць не сербскага насельніцтва былой Югаславіі, распальванні нацыянальнай варожасці, а таксама датычнасці да катаванняў і забойстваў. Пракуратура патрабуе для яго 28 гадоў турмы. Шэшаль выстаўленыя супраць яго абвінавачванні адмаўляе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках