2 траўня 2024, Чацвер, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Агрызка: Агенты Крамля пацярпелі паразу ў Еўропе

1
Уладзімір Агрызка: Агенты Крамля пацярпелі паразу ў Еўропе

Правал прарасейскага Нацыянальнага Фронту Марын Ле Пен на мясцовых выбарах у Францыі, - сведчанне крытычнага мыслення еўрапейцаў.

Яны выдатна разумеюць, да чаго можа прывесці прыход да ўлады радыкальных палітычных сіл, якія імкнуцца ствараць праблемы, а не развязваць іх, піша ўкраінскі дыпламат, міністр замежных спраў Украіны з 2007 да 2009 года Уладзімір Агрызка для выдання «Новое время».

Паводле вынікаў другога тура выбараў Нацыянальны Фронт не атрымаў большасці ні ў адным з дэпартаментаў Францыі. І гэта выразны сігнал усім, хто спадзяваўся такім чынам дэстабілізаваць сітуацыю, у першую чаргу - спадару Пуціну, што гэтая карта, як і іншыя карты радыкальнага плана, біта, і згуляць ёю не атрымаецца. І ў галоўным чынам гэта заслуга простых людзей, якія хай і не разбіраюцца ў высокіх дыпламатычных матэрыях, але разумеюць, што акцэнт на правых заўсёды пагібельны.

Як вядома, Пуцін і ягоны рэжым фінансуюць як крайніх правых у Еўропе, так і крайніх левых. З пункту гледжання расейскай стратэгіі - гэта практычна бяспройгрышны варыянт: заўсёды ёсць шанец, што ва ўладу прарвуцца або тыя, або іншыя. Хто менавіта - для гаспадара Крамля значэння не мае, бо так ці інакш, адзінства, якое з'яўляецца залогам і асновай існавання Еўразвязу, будзе расхіствацца.

Нават калі радыкалы атрымаюць усяго некалькі месцаў у парламенце, большасці ўсё роўна прыйдзецца ісці на кампрамісы з імі, узгадняць свае пастановы, улічваючы іх інтарэсы. Таму пройгрыш Нацыянальнага Фронту - даволі сур'ёзны ўдар па планах расхіствання сітуацыі і ўбіванне кліну паміж краінамі-сябрамі ЕЗ і палітычнымі сіламі ў асобных еўрапейскіх краінах.

Але ні ў якім разе нельга прымяншаць пагрозу «сяброў Пуціна» ў Еўропе, паколькі яны, на жаль, ужо сталі рэальнасцю. Красамоўная сітуацыя ў Грэцыі, дзе пасля адмовы Еўразвяза пайсці на саступкі і вылучыць Афінам 1,2 млрд еўра з фонду банкаўскай рэкапіталізацыі лідар кааліцыі левых сілаў Алексіс Цыпрас адразу прыгразіў, што папросіць аб фінансавай дапамозе Маскву. Што ўжо казаць пра венгерскага прэм'ера Віктара Орбана, які заяўляе, што прытрымліваецца прынцыпаў еўрапейскай салідарнасці, але пры гэтым робіць усё, каб атамная станцыя, якую расейцы будуюць у горадзе Пакш, працавала выключна на расейскім паліве.

Менавіта такія фігуры падрываюць еўрапейскае адзінства. І ў супрацьстаянні ім, як мне здаецца, ключавую ролю павінны адыграць інстытуцыі ЕЗ - Еўрапейская камісія і Рада Еўропы. Яны павінны даць выразныя і жорсткія ацэнкі таго, што адбываецца. Так, еўрапейскую бюракратыю часта лаюць, але ў гэтым выпадку яна можа быць карыснай - варта замацаваць абавязковыя правілы паводзінаў для сябраў ЕЗ. Гэтыя правілы павінны датычыцца самых разнастайных сфер і нават бізнэс-праектаў, калі тыя могуць мець стратэгічнае значэнне.

Еўрапейскім лідарам трэба быць пільнымі і не дапусціць, каб адна або некалькі краін ЕЗ раптоўна апынуліся ў эканамічнай або палітычнай залежнасці ад Крамля, інакш наступствы будуць нашмат больш кашмарныя, чым мы ў стане сабе ўявіць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках