3 траўня 2024, Пятніца, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія турысты змогуць атрымліваць візу Марока ў аэрапорце

3
Беларускія турысты змогуць атрымліваць візу Марока ў аэрапорце

У гэтым турыстычным сезоне беларусы змогуць лятаць з Беларусі ў Марока і атрымліваць візу ў аэрапорце.

Да гэтага мараканская віза ставілася ў беларускія пашпарты толькі ў пасольстве ў Маскве. Пра гэта tut.by распавёў дырэктар тураператара "Be in travel" Міхаіл Булгакаў.

Беларусам, якія набудуць турыстычныя пуцёўкі ў Марока з вылетам з Менска, візу паставяць у аэрапорце Агадзіра. Разам з консульскім зборам і працэдурай яна будзе каштаваць блізу 60 даляраў для аднаго чалавека, у тым ліку для дзяцей. Грошы трэба плаціць у аэрапорце. Пра такую працэдуру з мараканскім бокам дамовіўся тураператар "Be in travel". Вуснае пацвярджэнне дамоўленасцей ужо атрыманае.

Гэта новаўвядзенне зручнае для тых, хто не плануе адпачынак у Марока загадзя, а пастанаўляе ляцець спантанна.

Гэтае спрашчэнне ў атрыманні візы будзе тычыцца толькі тых беларусаў, якія набудуць турпакет і паляцяць чартэрам з Менска. У сярэднім пуцёўка на чалавека на 10 начэй/11 дзён у гатэлі 4-5 зорак па сістэме "ўсё ўключана" каштуе блізу 14,74 млн рублёў.

Першы Boeing 737-800 з Менска ў Агадзір вылеціць 30 траўня. Усяго будзе блізу 15 рэйсаў. Пералёт зойме больш за пяць гадзін.

Беларусам, якія наважаць правесці адпачынак у Марока і паляцець з Масквы або Кіева, адкрываць візу трэба будзе праз пасольства ў Маскве. Консульскі збор складае 40 даляраў. Падаваць трэба пашпарт, дзве фатаграфіі памерам 3х4 сантыметры, звесткі аб заробку за апошнія шэсць месяцаў, страхоўку, пацверджанне бранявання гатэля і копію авіябілета. Робяць візу цягам 10 дзён.

Таксама можна скарыстацца паслугамі турагенцтваў, якія аказваюць падтрымку ў атрыманні візаў. Іх паслугі разам з консульскім зборам будуць каштаваць 2,1 млн - 2 мільёны 500 тысяч рублёў за чалавека.

У кампаніях, якія дапамагаюць адкрываць візы ў Марока, гэты кірунак не ўважаюць за папулярны ў беларусаў. Як распавялі ў Discovery Business Group, за год з просьбай аб адкрыцці мараканскай візы да іх звяртаецца максімум 30 чалавек. У кампаніі Alextour таксама два-тры разы дапамагалі адкрыць візу для падарожжа і быў адзін зварот ад замежніка. У кампаніі VR Lines цягам апошняга паўгода з нагоды мараканскай візы тэлефанавалі адзін раз.

Расейцы на тэрмін да 90 дзён лётаюць у Марока без візы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках