2 траўня 2024, Чацвер, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Італійскі рэжысёр пра здымкі фільма ў Беларусі: Мы сталі параноікамі

17

Рэжысёр Луіджы Мілардзі распавёў, як ён здымаў фільм у Беларусі.

"Еўрапейская Паўночная Карэя", "апошняя дыктатура Еўропы", "краіна-прывід". Так дакументальны фільм "Made in BY" італійца Луіджы Мілардзі апісаны на сайце.

Сам рэжысёр і здымачная група некалькі разоў наведвалі Беларусь у 2013 і 2014 гадах, у агульнай складанасці яны жылі ў нашай краіне амаль два месяцы. Цягам гэтага часу мелі стасункі з незалежнымі творцамі - мастакамі, музыкамі, журналістамі, фатографамі, у тым ліку са Зміцерам Вайцюшкевічам, Артурам Клінавым, Лявонам Вольскім, Аляксандрам Памідоравым, Юрыем Хашчавацкім, Валянцінам Стэфановічам і іншымі.

Навошта італійцы паехалі здымаць фільм пра Беларусь, што іх больш за ўсё ўразіла і чаму яны называюць нашу краіну "Еўрапейскай Паўночнай Карэяй"? Пра гэта "Радыё Свабода" запыталася рэжысёра фільма "Made in BY" Луіджы Мілардзі.

- Чаму вы выбралі Беларусь? Гэтая краіна даволі нетыповая для сучасных дакументалістаў.

- Мяне заўсёды вельмі захапляла гісторыя і культура былога Савецкага Саюза, і Беларусь, на мой погляд, была месцам, дзе я мог дагэтуль пабываць у экзатычнай атмасферы яшчэ часоў так званай перабудовы. У Беларусі дагэтуль няма Ikea, Zara, H&M, Ryanair, Шэнгенскага пагаднення.

Гэта можа быць дрэнна для беларускага грамадзяніна, але, хоць гэта і цынічна, гэта добра для антраполага. Іншы аспект, які мяне вельмі зацікавіў, гэта назіранне за тым, як моцна палітычная сістэма ўплывае на культурнае жыццё і як можа творчасць выжыць у іерархічным рэжыме.

- Вы прыехалі ў Беларусь і жылі тут нейкі час. Што вас больш за ўсё здзівіла?

- На першы погляд, Беларусь здавалася мне наборам прыгожых малюнкаў з футурыстычнага фільма 20-х гадоў Фрыца Ланга і спраектаваным Ле Карбюзье. Убачанае мною, калі прыляцеў у Менск, было чымсьці велічным і жалобным адначасова - гэта фасады з граніту многіх будынкаў і гваздзікі на вітрынах кветкавых крам у падземных пераходах.

Беларусь мне падалася хутчэй не краінай утопіі, а краінай негентропіі, дзе ўсё засталося без зменаў цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Гэтак жа як японскія жаўнеры пакінулі выспы, якія ўтрымлівалі цягам 30 гадоў пасля заканчэння вайны, беларусы, як мне здаецца, засталіся верныя лініі, нягледзячы на новы кірунак, прыняты гісторыяй, і адстаўку ўласнай генерала.

Нягледзячы на рамантычны сцэнар фільма, у мяне склалася ўражанне, што Беларусь мае моцную, глыбокую і цікавую культуру, якую варта паказаць. Я ніколі не жыў у краіне, у якой пануе дыктатура. Я размаўляў з многімі людзьмі ў Беларусі і стараўся больш зразумець сітуацыю. З часам я разумеў усё больш, як гэта выглядае.

- І як на ваш погляд, усё гэта выглядае?

- Цяжка абагульніць, але мне здаецца, што мы можам назіраць моцны ўплыў палітыкі на жыццё. Я таксама сустрэў шмат мастакоў, бо гэты праект тычыцца мастацтва, культуры. Таму я мяркую, што моцны ўплыў палітыкі ёсць і на мастацтва, культуру і на ўсё астатняе - на моду, графічны дызайн і гэтак далей. Ёсць такі стэрэатып, што ў цяжкіх варунках цяжка стварыць добрыя творы мастацтва. Але я мяркую, што ў Беларусі ёсць моцная незалежная культура. Нават калі мастакі не займаюцца ніякім палітычным мастацтвам, то палітыка ўсё роўна мае на іх уплыў. Гэта і цэнзура, і самацэнзура.

- На сайце фільма вы кажаце пра Беларусь як пра "еўрапейскую Паўночную Карэю", але калі вы прыехалі, вы ўбачылі агмені незалежнай культуры, мастацтва. Ці змянілася ваша меркаванне пра Беларусь у гэтым кантэксце?

- Калі гаварыць пра палітычныя рэчых, мне падаецца, што Беларусь засталася больш у савецкім перыядзе, чым Масква, хоць там таксама цяжка ствараць мастацтва. Сітуацыя, вядома, развіваецца вельмі хутка, але з 2013 года, я мяркую, Лукашэнка атрымаў яшчэ больш улады, міжнародных крэдытаў - таксама дзякуючы вайне ва Украіне, таму цяпер ёсць нават менш шанцаў для радыкальных палітычных пераменаў у кароткатэрміновай перспектыве.

- Ці былі ў вас якія-небудзь праблемы ў Беларусі, калі вы рабілі фільм?

- Не, у нас не было якіх-небудзь праблем, таксама таму, што мы прыехалі ў Беларусь у якасці турыстаў, ведаючы, што нам было б нашмат складаней, калі б мы прыехалі як журналісты. Нягледзячы на тое, што нічога не здарылася, трэба прызнаць, што мы сталі сапраўднымі параноікамі цягам апошніх дзён здымак, асабліва пасля размовы з Францішкам Вячоркам і Паўлам Вінаградавым. Мы пачалі чуць дзіўныя гукі ў нашых мабільных тэлефонах, падчас карыстання інтэрнэтам сталі адбывацца дзіўныя праблемы. Мы не ведаем, ці сачылі за намі, але страх страціць запісаны матэрыял даў нам сапраўды вострыя адчуванні.

- Які пасыл вашага фільма гледачам? Для каго вы знялі гэты фільм?

- Я спрабаваў, наколькі мог, не даць якога-небудзь прадузятага палітычнага паслання гледачам, але палітыка з'яўляецца непазбежнай дзеючай асобай ў фільме. Я спрабаваў перамясціць фокус на культуру і на жыццё моладзі, якая падзяляе мае каштоўнасці і мары, як і многіх еўрапейцаў. І гэтая мэта фільма: больш даведацца пра гэтых людзей і гэтыя гісторыі. Таму гэта фільм для такіх жа італійцаў і еўрапейцаў, як я. Я дакладна не здымаў фільм для актывістаў або праваабаронцаў.

5 і 10 сакавіка фільм «Made in BY» пакажуць на самым прэстыжным фестывалі дакументальнага кіно аб правах чалавека "Адзін свет", які праходзіць у Празе.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках