3 траўня 2024, Пятніца, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герта Мюлер: Дыктатары накшталт Пуціна разумеюць толькі сілу

23
Герта Мюлер: Дыктатары накшталт Пуціна разумеюць толькі сілу

Нобелеўская лаўрэатка параўнала Пуціна з Гітлерам.

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры нямецкая пісьменніца Герта Мюллер, якая вырасла ў Румыніі, у інтэрв'ю нямецкай газеце Die Welt параўнала Уладзіміра Пуціна з Гітлерам, дала сваю ацэнку канфлікту ва Украіне і пракаментавала забойства Нямцова.

Так, гітлераўскіх жаўнераў з легіёна "Кондар", са слоў Мюлер, "гэтак жа адпраўлялі ў Гішпанію пад выглядам адпускнікоў на караблях і ў іх гэтак жа не было апазнавальных знакаў на ўніформе, калі яны бамбілі гішпанскую Герніку", цытуе інтэрв'ю сайт InoPressa.

"Агулам я, нягледзячы на менскія пратаколы, не веру ў тое, што Пуцін спыніць вайну ва Украіне, - заявіла пісьменніца. - Яму патрэбны Марыупаль і сухапутны калідор да Крыму. Потым ён зробіць вылазку ў Прыднястроўе. Ва Украіне Пуцін не спыніцца. Павольнае разбурэнне Украіны - справа для яго вызначаная, гэта гатовы план, які ляжыць у скрыні ягонага пісьмовага стала. І ніякія мірныя дамовы і ніякі дыпламатычны дыялог не змогуць змяніць сітуацыю".

Дамагаецца ён усяго гэтага ўжываннем такіх метадаў, як "газавая вайна, знішчэнне інфраструктуры, смерць тысяч украінцаў". "Усё гэта пакаранне за тое, што Украіна адважылася паглядзець у бок Захаду. Пуцін карае Украіну за ўсё тое, што адбывалася ва ўсходнееўрапейскіх дзяржавах з 1989 года", - упэўненая нобелеўская лаўрэатка.

"Мяркуючы з нізасці афіцыйнай прапаганды, якая ніяк не памянялася пасля "Менска-2", можна зразумець, што Пуцін не збіраецца мяняць сваю пазіцыю. Так, расейскіх жаўнераў, якія гінуць за яго ва Украіне, нібыта проста не існуе, а іх сваякам нельга расказаць аб сваім горы шырокай грамадскасці, бо ўлады хаваюць і адмаўляюць наяўнасць загінулых вайскоўцаў, быццам бы іх і зусім няма. Гэта не па-чалавечы", - падкрэслівае Мюлер.

"Палітыка Пуціна зводзіць мяне з розуму. Яна выклікае пачуццё знявагі асабістай годнасці і абражае мой розум сваёй дзёрзкасцю", - кажа Мюлер. Так, Пуціна "ўжо сотні разоў лавілі на хлусні, а ён усё роўна працягвае хлусіць".

Пуцін, упэўненая пісьменніца, "прывабны толькі для тых, хто баіцца адкрытага грамадства, у няма месца дэмакратычным прынцыпам падзелу ўладаў, правам чалавека і свабодзе слова. Прэзідэнт Расеі спрабуе заручыцца падтрымкай "нацыяналістаў старой закваскі" і "ў дыме кадзілаў праваслаўнай царквы практыкуе панславянскае ханжаства".

Пуцін, на думку Мюлер, "даможацца таго, чаго ён хоча, паколькі Захад нямоглы, і ўвесь час кажа пра гэта". "Вядома ж, спыніць распачатую ім агрэсію ваенным шляхам нельга, але нельга ж пра гэта казаць пастаянна", - наракае Мюлер.

"Людзі з краін Усходняй Еўропы, якія доўгі час жылі пад савецкай акупацыяй, ведаюць, што дыктатары накшталт Пуціна разумеюць толькі сілу. Жаданне весці дыялог успрымаецца імі ў якасці праявы слабасці. <...> Таму ў гэты момант санкцыі з'яўляюцца адзіным інструментам, які дазваляе выказаць рашучасць Захаду і ягонае імкненне трымаць дыстанцыю. Расейскае кіраўніцтва павінна пастаянна чуць заявы аб наступным магчымым вітку санкцый, а не словы пра тое, што Еўропа як мага хутчэй хоча вярнуцца да ранейшых стасункаў з Масквой", - мяркуе нобелеўская лаўрэатка.

Вяртання да мінулага "больш не будзе". Галоўная задача Захаду цяпер, на думку Мюлер, палягае ў тым, каб не даць "расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну ператварыць Украіну ў дзяржаву - васала Расеі: паміж Еўразвязам і Украінай неабходна наладзіць цеснае эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва".

Таксама Мюлер пракаментавала забойства апазіцыянера Барыса Нямцова.

"Той факт, што Пуцін будзе асабіста сачыць за ходам расследавання, а таксама тое, што ён прызначыў свайго прыяцеля кіраваць гэтай справай, кажа пра тое, што ў Расеі няма незалежнай юстыцыі і што ўлады хочуць схаваць праўдзівы матыў забойства".

"Ліквідацыя палітычных праціўнікаў - гэта частка інструментарыя расейскіх спецслужбаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Ніводнае з забойстваў - ні Наталлі Эстэміравай, ні Аляксандра Літвіненкі, ні Барыса Бярозаўскага, які нібыта павесіўся, так і не было раскрытае па гэты дзень. І нават калі Пуцін і не аддаваў загаду, гэта забойства ўсё роўна застанецца вынікам ягонай ваяўнічай нацыяналістычнай прапаганды, якая з моманту пачатку вайны ва Украіне становіцца ўсё больш амаральнай", - мяркуе Мюлер.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках