Экспэрты дэгуставалі віны з патанулага 150 гадоў таму карабля
6- 7.03.2015, 17:21
- 23,027
Група экспэртаў у ЗША прадэгуставала віно з бутэлькі, знойдзенай чатыры гады таму на патанулым у 1864 годзе ля ўзбярэжжа Бярмудскіх выспаў караблі.
Некалькі дзясяткаў чалавек набылі квіткі, каб патрапіць на кулінарны фестываль у горадзе Чарльстан, Паўднёвая Караліна, каб паназіраць за дэгустацыяй, паведамляе BBC.
"Я ўжо спрабаваў у мінулым віна з патанулых караблёў. Яны бываюць часам нядрэннымі", - цытуе Reuters аднаго з экспэртаў сомелье Пола Робертса.
На гэты раз віно бутэлькі, якая праляжала 150 гадоў на дне акіяна, выявілася жоўта-шэрай мутнаватай вадкасцю, якая смакам нагадала сомелье сумесь салёнай вады, воцату, серы і бензіну. Экспэрты ўлавілі таксама лёгкія цытрусавыя ноткі і сляды алкаголю.
У разгар Грамадзянскай вайны ў ЗША параход "Мэры Селеста" перавозіў груз для войска Канфедэрацыі, наткнуўся на рыф і затануў праз шэсць хвілін.