Гомельская кавярня стварыла «паркоўку» для сабак
8- 7.03.2015, 20:12
- 15,125
Каля кавярні, размешчанай на вуліцы Савецкай у Гомелі, зрабілі «паркавальныя месцы» для сабак.
Цяпер сабачкі могуць з выгодамі чакаць сваіх гаспадароў, а тыя ў сваю чаргу спакойна піць каву, не раздражняючы адміністрацыю ўстановы прысутнасцю жывёліны, піша 023.by.
Ідэя парковак для сабак не новая. Яе даўно практыкуюць у шмат якіх еўрапейскіх краінах, дзе якасці жыцця людзей і дабрабыту іхніх улюбёнцаў надаецца асаблівая ўвага.
У Еўропе ў большасці ўстаноў дазваляюць прыходзіць з сабакам, а калі не, то кіраўніцтва ўсяляк імкнецца пайсці насустрач уладальнікам жывёлін.
Досвед заходніх калегаў перанялі гамельчукі. На адкрытай пляцоўцы каля ўваходу ў кавярню ўсталявалі спецыяльны кручок для ланцужка і прымацавалі налепку з выявай сабакі. Летнімі днямі, магчыма, з'явіцца і ёмістасць з прахалоднай вадзіцай для «Бобікаў».
Дарэчы, ідэя з паркоўкай для сабак была з цікавасцю ўспрынятая гамельчукамі, але ці прыжывецца гэта навацыя, пакажа час.