5 траўня 2024, Нядзеля, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатак на «дармаедаў»: Лукашэнка разгледзіць праект дэкрэта

178
Падатак на «дармаедаў»: Лукашэнка разгледзіць праект дэкрэта

Дакумент знаходзіцца ў стадыі завяршэння.

Дэкрэт аб стымуляванні занятасці грамадзян найбліжэйшым часам будзе пададзены дыктатару. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіла намесніца прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава.

«Дакумент практычна ў стадыі завяршэння. Ён дапрацоўваецца і найбліжэйшым часам будзе пададзены кіраўніку дзяржавы», - сказала віцэ-прэм'ерка.

Яна адзначыла, што сёння ў Беларусі вялікая ўвага надаецца сацыяльнай палітыцы. Разам з тым, многія недаацэньваюць усяго таго, што робіць дзяржава. «Я мяркую, што кожны грамадзянін нашай краіны павінен удзельнічаць у аплаце тых выдаткаў, якія дзяржава накіроўвае на сацыяльную сферу», - выказала свой пункт гледжання віцэ-прэм'ерка.

Згодна з дакументам, працаздольныя грамадзяне, якія цягам шасці месяцаў не плацілі падаткі, абавязаныя раз у год аплачваць збор сумаю 20 базавых велічынь. За ўхіленне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Улады адносяць да дармаедаў аж 400 тысяч чалавек. Праўда, не з усіх будуць здымаць гэты збор. Плануецца стварыць спіс асобных катэгорый грамадзян, якіх вызваляць ад выплаты. У такія групы ўвойдуць, напрыклад, непрацаздольныя, або тыя, хто выхоўвае дзяцей.

З ініцыятывай штрафаваць і караць беспрацоўных арыштам выступіла Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля адабрэння ідэі Аляксандрам Лукашэнкам адпаведны дэкрэт быў распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Члены ўрада папярэджваюць таксама, што збор за дармаедства не легалізуе шэрых заробкаў або бізнэсу. Калі падатковая інспекцыя знойдзе факты таго, што чалавек усё ж атрымліваў прыбытак, то супраць яго будуць ужытыя дадатковыя санкцыі.

Напісаць каментар 178

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках