2 траўня 2024, Чацвер, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За працу ў Крыме беларускія заводы патрапяць пад новыя санкцыі

21
За працу ў Крыме беларускія заводы патрапяць пад новыя санкцыі

Стварэнне вытворчасці ў Крыме стане прызнаннем Беларуссю анэксіі паўвыспы Расеяй.

Як паведаміў на мінулым тыдні сайт гарадскіх уладаў Севастопаля, 26 сакавіка дэлегацыя Рэспублікі Беларусь сустрэлася з прадстаўнікамі ўрада Севастопаля. У час сустрэчы ішла гаворка аб прапановах аб размяшчэнні на тэрыторыі Севастопаля зборачнай вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасці, ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» і холдынгу «Гомсельмаш», паведамляе «Радыё Свабода».

Цікава, што гэтая інфармацыя паступіла менавіта з крымскіх крыніц. Дзяржаўныя СМІ Беларусі пра візіт беларускай дэлегацыі ў Крым і аб адпаведных планах прадпрыемстваў нічога не паведамлялі.

Атрымаць каментар ад «Гомсельмаш» цягам двух дзён не ўдалося, а вось на «Магілёўліфтмаш» пацвердзілі факт сустрэчы і перамоваў.

Але, са слоў прадстаўніка прадпрыемства, інфармацыя аб стварэнні вытворчасці ў Крыме «пайшла лішняя»:

«Была прынятая пастанова аб стварэнні рабочай групы, якая павінна ацаніць прававую і эканамічную магчымасць і мэтазгоднасць стварэння, а не аб арганізацыі зборачнай вытворчасці як такой - такіх пастаноў пакуль няма», - падкрэслілі на «Магілёўліфтмаш».

Афіцыйны Кіеў уважае Аўтаномную Рэспубліку Крым і Севастопаль часова акупаванай тэрыторыяй Украіны і забараняе там камерцыйную дзейнасць замежным прадпрыемствам.

Украінскі палітолаг Віктар Каспрук адзначыў, што стварэнне вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў у Крыме будзе парушэннем украінскіх законаў і дэ-факта прызнаннем Беларуссю анэксіі Крыма Расеяй.

«Я не ведаю, ці Лукашэнка наважыцца гэта зрабіць. Але калі ён гэта зробіць, то ён будзе чалавекам, які парушыць міжнародныя санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць Крыма, згодна з якімі на акупаваных тэрыторыях іншыя краіны не маюць права весці прадпрымальніцкую дзейнасць. Я думаю, што або Лукашэнка гэта робіць пад ціскам Пуціна, або яму вельмі хочацца зарабіць нейкія дадатковыя грошы на сітуацыі, якая склалася ў Крыме, ведаючы пра тое, што ў значнай ступені там стварыўся прадпрымальніцкі вакуум, таму што дэмакратычныя краіны на такія парушэнні не пайшлі», - кажа палітолаг.

Каспрук адзначае, што гэта можа пагоршыць украінска-беларускія стасункі, а супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія наважылі працаваць у Крыме, будуць уведзеныя санкцыі. Адказ Кіева, магчыма, будзе вельмі жорсткі, мяркуе палітолаг.

«Звычайна мы не атаясамляем Беларусь з дыктатарам Лукашэнкам, але ў гэтым выпадку Украіна будзе вымушана рабіць адэкватныя захады ў адказ. На жаль, гэтая сітуацыя можа стварыць прэцэдэнт ва ўкраінска-беларускіх стасунках, якога проста не хацелася б бачыць. Я не разумею, чаму Лукашэнка рашыўся на такі крок. Яшчэ раз скажу: хутчэй за ўсё, гэта пад ціскам Пуціна. Але ў такім выпадку ён паказвае свой сапраўдны твар, аблічча палітычнага Януса, які кажа ў адной сталіцы адно, а ў другой - дыяметральна супрацьлеглае», - адзначае экспэрт.

Але нельга выключаць, што Лукашэнка ўсё ж такі пастановіць не працаваць у Крыме.

«Магчыма, што калі Украіна рэзка і хутка адрэагуе, у Лукашэнкі будзе час або перайграць гэтую сітуацыю, або замарозіць разгортванне там сумесных структур на пэўны час. У такім выпадку ён зможа Пуціну сказаць, што мы гатовыя, але тэхналагічна, або праз іншыя прычыны, рэалізаваць гэта не можам, таму давайце адвядзем час выканання гэтых планаў. Мне здаецца, што Лукашэнка, які столькі часу досыць удала манеўраваў паміж Захадам і Расеяй, хутчэй за ўсё, будзе зацягваць сітуацыю з прамымі крымска-беларускімі стасункамі, і яму ўдасца растлумачыць у Кіеве, што ўсе ягоныя дзеянні былі змушанымі пад вялікім ціскам з боку Расеі», - мяркуе Каспрук.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках