ЗША занепакоеныя намерам Расеі прадаць С-300 Ірану
4- 14.04.2015, 10:01
- 7,003
ЗША выказалі занепакоенасць магчымым продажам Ірану зенітных ракетных комплексаў С-300 у сувязі з указам Пуціна, які дазволіў гэтую ўгоду.
Заклапочанасць Злучаных Штатаў выказаў у тэлефоннай размове з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым ягоны амерыканскі калега Джон Кэры, паведамляе BBC.
2 красавіка было падпісана рамачнае пагадненне аб іранскай ядзернай праграме, якое прадугледжвае скарачэнне маштабаў ядзернай праграмы Ірана ў абмен на паступовае зняцце міжнародных санкцый.
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, каментуючы ўказ Уладзіміра Пуціна, заявіў, што ў святле прагрэсу, дасягнутага на перамовах Тэгерана і "шасцёркі" ў Лазане, "неабходнасць у такога роду эмбарга, прычым у асобным, добраахвотным расейскім эмбарга, цалкам адпала".
Прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст не стаў паведамляць падрабязнасцяў тэлефоннай размовы паміж Лаўровым і Кэры, аднак заявіў, што "адзінства і супрацоўніцтва" з такімі краінамі, як Расея, з'яўляюцца ключавой умовай для дасягнення дамоўленасцяў з Іранам.
Канчатковы варыянт угоды павінен быць падрыхтаваны да 30 чэрвеня.
У Ізраілі мяркуюць, што дамова з Іранам у яго цяперашнім выглядзе ўяўляе сабой наўпроставую пагрозу бяспецы габрэйскай дзяржавы.
У краіне апошнім часам гавораць аб магчымасці прэвентыўнага ваеннага ўдару па іранскіх ядзерных аб'ектах. Пра гэта адкрыта заяўляюць высокапастаўленыя ізраільскія палітыкі і вайскоўцы.