Прыбытак беларускіх прадпрыемстваў упаў амаль удвая
8- 15.04.2015, 20:14
- 9,126
Прадпрыемствы Беларусі за студзень-люты скарацілі чысты прыбытак на 45%.
Прадпрыемствы і арганізацыі Беларусі ў студзені-лютым 2015 года атрымалі чысты прыбытак на суму Br2 трлн 756,6 млрд, што на 45% менш у параўнанні з тым жа перыядам 2014 года, паведамляецца ў матэрыялах Нацыянальнага статыстычнага камітэта (Белстат), піша «Інтэрфакс».
Паводле звестак Белстата, за студзень-люты даход ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый у цяперашніх коштах склаў Br230 трлн 67,7 млрд і вырас у параўнанні з тым жа перыядам 2014 года на 13,5%. Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг павялічыўся за гэты перыяд на 10,1% да Br182,1 трлн.
У студзені-лютым 2015 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі прадпрыемстваў склала 10,1% супраць 7,3% годам раней. Рэнтабельнасць продажу вырасла на 2,1 пункта да 8%. Пры гэтым у прамысловасці рэнтабельнасць продажу склала 8,5%. У ліку самых рэнтабельных галін - фінансавая дзейнасць (43%) і сувязь (22,8%), а таксама адукацыя (17,3%) і рыэлтарская дзейнасць (12,2%). З адмоўнай рэнтабельнасцю ў студзені-лютым спрацавалі прадпрыемствы, якія займаюцца рыбагадоўляй (-16,5%) і арганізацыі гатэльнага ды рэстарацыйнага бізнэсу (-1,5%).
У студзені-лютым 2015 года ў Беларусі налічвалася 1874 стратныя прадпрыемствы ды арганізацыі, што на 26,7% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Іх удзельная вага ў агульнай колькасці прадпрыемстваў вырасла да 24,1% супраць 19% у студзені-лютым 2014 года. Пры гэтым на прамысловасць прыпала прыкладна больш як траціна (35,9%) ад агульнай колькасці стратных прадпрыемстваў.
На адну стратную арганізацыю ў студзені-лютым 2015 года прыпала Br6,5 млрд чыстых страт, што ў 2,6 раза больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года.