8 траўня 2024, Серада, 10:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Светлагорскі следчы «не заўважыў» самаўпраўнасці мясцовай міліцыі

4
Светлагорскі следчы «не заўважыў» самаўпраўнасці мясцовай міліцыі

Супярэчнасці ў сведчаннях супрацоўнікаў міліцыі, на якія паказваюць і праваабаронцы і суд, застаюцца па-за ўвагай следчага.

Валянціна Акуліч накіравала пракурору Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці скаргу на чарговую пастанову (ад 7 лютага 2015 года) следчага аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы паводле факту смерці ейнага сына ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у траўні 2012 года. У гэтай скарзе падрабязна выкладаюцца хібы праверак следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта, на якія нястомна паказваюць маці загінулага і праваабаронцы «Вясны», але якія сам следчы Вячаслаў Петачэнка, праводзячы чарговую праверку, чамусьці выпускае з-пад увагі.

Акцэнтуем увагу на некаторых абставінах, якія паведамляюцца ў скарзе раённаму пракурору.

Як адзначаюць праваабаронцы, «следчы мяркуе, са спасылкай на п.75 і п.76 Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, зацверджаных пастановай ад 08.08.2007 № 194 Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што абавязак выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу ў выпадку скаргаў каго-небудзь з дастаўленых адміністрацыйна арыштаваных (адміністрацыйна затрыманых) на дрэнны стан здароўя або пры відавочных прыкметах захворвання ў дзяжурнага ўзнікае падчас прыймання арыштаванага і тады ж сканчаецца.

Гэта тлумачэнне супярэчыць не толькі сэнсу, але і арт.23 Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ад 17.07.2007 № 263-З, у адпаведнасці з якім «Супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен зрабіць захады для неадкладнага надання медыцынскай ды іншай патрэбнай дапамогі асобам, якія пацярпелі ад злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў і няшчасных выпадкаў, асобам, якія знаходзяцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане».

Але з тлумачэнняў дзяжурнага ІЧУ Р.Сцешанкова, што ёсць у матэрыялах праверкі, вынікае, што ён ігнаруе свой абавязак выклікаць «хуткую дапамогу» неадкладна і паводзіць сябе ў адпаведнасці з уласным разуменнем сваіх службовых абавязкаў. «Так, названы супрацоўнік шчыра прызнаецца ў тым, што яму вядома аб наяўнасці прычын для выкліку медыцынскіх работнікаў - зняволены паводзіць сябе неадэкватна, выяўляе прыкметы псіхічнага разладу, але з парушэннем названых вышэй патрабаванняў наважвае самастойна пераканацца ў тым, што такія паводзіны зняволенага - не сімуляцыя захворвання. Якой інструкцыяй гэта загадана? Якімі медыцынскімі ведамі валодае гэты супрацоўнік?» - ставіцца заканамернае пытанне ў скарзе.

На думку праваабаронцаў, следчаму Петачэнку варта было б крытычна паставіцца да спробаў супрацоўнікаў АУС, канкрэтна, Сцешанкова, ухіліцца ад адказнасці. «Названы супрацоўнік выключна ў тых абставінах, якія сведчаць аб ягоных супрацьпраўных паводзінах, забыўся пра здарэнне. Спрэс. Нават забыўся пра тое, чаму занёс, паводле ягоных слоў, свядома ўжо цяпер для яго недакладны запіс у дзённік ужывання спецсродкаў. Або запіс усё ж дакладны? Бо ён супрацоўнік выключна прафесійны і пісьменны, калі верыць характарыстыцы. Забыўся, як доўга і куды біў арыштаванага - чалавека, цалкам які знаходзіцца ў ягонай уладзе. Толькі дробныя дэталі выдаюць няшчырасць дзяжурнага ІЧУ: у яго не стала часу на тое, каб выклікаць «Хуткую дапамогу» чалавеку, што памірае, але быў заняты ён у гэты час не толькі утрыманнем Акуліча, але і праверкай камер. Гэта важней за жыццё чалавека?»

У скарзе падкрэсліваецца, што пакуль дакладна не высветлена іншае і не аспрэчаныя аб'ектыўныя довады, ёсць усе падставы сцвярджаць: збіццё Аляксандра Акуліча і непрафесійныя, відавочна асуджаныя на няўдачу спробы зафіксаваць хворага ў агоніі кайданкамі з доўгім ланцужком на кратах працягваліся з 00:30 да ягонай загубы пасля 01:00; на працягу гэтага часу тры супрацоўнікі органа ўнутраных спраў свядома ігнаравалі свае абавязкі медыцынскай дапамогі чалавеку з вострым разладам здароўя - бо не ўважаюць гэта (у адпаведнасці са сваім разуменнем заканадаўства, якое вызначае парадак утрымання арыштаваных) за свой абавязак.

Па-ранейшаму застаецца недаследаваным механізм утварэння цялесных пашкоджанняў на нагах. У пастанове неаднаразова зазначана, што гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ў сувязі з тым, што Акуліч біўся босымі нагамі аб розныя паверхні. Але нагадаем, што згодна з высновамі экспэрта, даследаванне трупа пачыналася з таго, што з яго следам за адзеннем былі знятыя чаравікі. «І сапраўды, апытанне санітаркі зняло усе пытанні наконт гэтай акалічнасці. Яна, санітарка, а не экспэрт, які рабіў даследаванне, «супакоіла» следчага, заявіўшы, што звесткі аб чаравіках - гэта проста памылка. Колькі яшчэ памылак засталося ў высновах?» - адзначаецца на гэты конт у скарзе на новую пастанову Петачэнкі.

Па-за ўвагай далей застаецца і тая акалічнасць, што фельчарка «Хуткай дапамогі», якая прыбыла ў ІЧУ, выявіла Акуліча, які ляжаў на жываце з рукой, закручанай за спіну. У такім становішчы штучнае дыханне і масаж сэрца не робіцца, а звестак аб тым, што становішча Акуліча мянялася пасля таго, як яму, нібыта, рабілася штучнае дыханне і масаж сэрца, няма. Гэтая акалічнасць зняпраўджвае тлумачэнні супрацоўнікаў ІЧУ і павінна ўлічвацца пры ацэнцы гэтых тлумачэнняў і законнасці іхніх дзеянняў у цэлым, намагаюць праваабаронцы. «Чаму гэтая акалічнасць зноў не даследаваная? Вядома, лягчэй паўторна апытаць фельчарку, якая проста зменіць свае тлумачэнні, не патлумачыўшы прычыны такіх зменаў. Пратакол апытання, дзе сведка паказвала на такія акалічнасці, быў кароткім. Не ўбачыць таго, што следчы няправільна выклаў тлумачэнні сведкі, скрывіў іх, няправільна зразумеў, было немагчыма» - гаворыцца ў скарзе.

Таксама пракурору паведамляецца, што следчы няправільна ацаніў тэарэтычныя тлумачэнні лекара-нарколага наконт захворвання Аляксандра Акуліча, роўна як і лекар быў «празмерна хуткі на высновы». «Лекар прыйшоў да высновы аб тым, што апухласць мозгу ўзнікла і развілася ў Акуліча «хутка», бо той не жаліўся на болі і да г.п., таму дапамагчы яму было немагчыма нават у выпадку медыцынскага ўмяшання». На думку праваабаронцаў, такое сцвярджэнне няслушнае, найперш таму, што ў яго падмурак пакладзеныя няслушныя звесткі, якія следчы, відавочна, паведаміў лекару. «У адпаведнасці з тлумачэннямі адміністрацыйна арыштаванага Дзікуна ад 22.05.2012 года, «у камеры ён (Акуліч) паводзіўся спакойна, але было відаць, што яму блага пасля працяглага ўжывання трункаў... Ён шмат піў вады, пацеў». А 22.00 ў Акуліча пачаліся галюцынацыі. Дык можа апухласць развівалася не «хутка», а так, што своечасовая медыцынская дапамога выратавала б яму жыццё?».

Ці стане пракурор Светлагорскага раёна разбірацца ў пытаннях, пастаўленых у скарзе Валянціны Акуліч? Управа ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, куды яна накіроўвала аналагічную скаргу, ужо адмахнулася - сцерагуць гонар мундзіра.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках