8 траўня 2024, Серада, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Археолагі ўпершыню знайшлі ў Еўропе шкілет баявога вярблюда

Аўстрыйскія археолагі, якія вялі раскопкі на месцы будаўніцтва гандлёвага цэнтра ў горадзе Тульн, наткнуліся на першы цэлы шкілет вярблюда ў Цэнтральнай Еўропе.

Жывёліна трапіла ў краіну пасля аблогі Вены войскам Асманскай імперыі ў 1683 годзе. Імаверна, яе прадалі мясцовым жыхарам туркі, якія пакідалі тэрыторыю. Аб адкрыцці навукоўцы распавялі на старонках часопіса PLoS One, паведамляе Lenta.ru.

Косткі навукоўцы знайшлі ў склепе XVII стагоддзя сярод смецця, чарапкоў ад збаноў, талерак і патэльняў, прычым спачатку яны наважылі, што перад імі шкілет каня або каровы незвычайных прапорцый. Вярблюда апазналі па костках задніх ног.

Паводле звестак аналізу ДНК, ён нарадзіўся ад самкі драмадэра (аднагорбы вярблюд) і самца бактрыяна (двухгорбага вярблюда). Гэта быў гібрыд аднагорбага і двухгорбага вярблюда. Такія гібрыды карысталіся папулярнасцю ў асманскім войску за сваю паслухмянасць, цягавітасць і вялікі памер. Мяркуючы са стану зубоў і костак жывёліны, на ёй ездзілі, але не перавозілі паклажу. Такім чынам, гэта мог быць толькі баявы вярблюд.

Таксама навукоўцаў уразіла, што шкілет асманскай жывёліны знайшлі ў горадзе, які туркі аблажылі, але ўзяць не змаглі. Імаверна, пацярпелыя паразу воіны прадалі вярблюда мясцовым жыхарам, у якіх ён пражыў да старасці. Таму шкілет захаваўся ў недатыкальнасці - звычайна ў такім войску жывёлін з'ядалі.

Археолагі раней знаходзілі толькі асобныя косткі вярблюдаў у Еўропе - галоўным чынам эпохі Рымскай імперыі. Найбліжэйшы да еўрапейскіх краін поўны шкілет вярблюда (драмадэра) быў знойдзены ў Стамбуле.

Малюнак: Galik/plos.org

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках