9 траўня 2024, Чацвер, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты назвалі 100 найвыдатнейшых беларускіх песень

38
Экспэрты назвалі 100 найвыдатнейшых беларускіх песень

У рэйтынг увайшлі як народныя песні і савецкая эстрада, так і сучасныя кампазіцыі.

Музычны партал Tuzin.fm склаў рэйтынг 100 найвыдатнейшых беларускіх песень, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Мы не ведаем сваёй музыкі. Гэта бясспрэчны медыцынскі факт. Вядома ж, далёкімі адгалоскамі з савецкіх часоў гучаць запісаныя на падкорцы «Завіруха» і «Касіў Ясь». Вядома ж, кожны другі, разбудзі ты яго сярод ночы, назаве хоць пару тройку беларускіх песняў - «Купалінка» і «Рэчанька» абавязкова будуць сярод іх. Цалкам магчыма, што на застолле і стары, і малы могуць зацягнуць разам калі не «Надзеньку» і «За туманам», то сапраўды «Бывайце здаровы» і «Чарка на пасашок». Але глабальна мы нічога не ведаем. Гэты рэйтынг - спроба хоць трохі запоўніць прабелы ў веданні сваёй музыкі», - адзначае рэдактар парталу Сяргей Будкін.

Топ-100 складзены на падставе апытання 90 экспэртаў розных пакаленняў: музыкаў, культуролагаў, прадусараў, кліпмэйкераў, рэжысёраў, паэтаў-песеннікаў, гукарэжысёраў, журналістаў ды іншых людзей, якія ўнеслі свой уклад у развіццё беларускай музыкі.

Рэспандэнты маглі назваць розную колькасць песень - ад 1 да 100. Крытэрый выбару - арыгінальнасць музычнага твора, яго папулярнасць у шырокіх колах, значнасць для жанру.

У рэйтынг увайшлі самыя розныя песні: ад «Чорнага бумера» Сярогі да «Купалінкі», ад «Здравствуй, чужая милая» Аляксандра Саладухі да «Касіў Ясь канюшыну» ансамбля «Песняры», ад паланэза Міхаіла Агінскага да «Не быць скотам» гурта « Ляпіс Трубяцкі».

«Рэйтынг не прэтэндуе на ўсё жанры, але можа даць уяўленне аб найлепшых дасягненнях беларускай музыкі. І мы спадзяемся, што з дапамогай яго слухач адкрые для сябе практычна яшчэ нязведаны беларускі музычны космас», - падкрэслівае Сяргей Будкін.

Прэзентуем вашай увазе топ-10 найвыдатнейшых беларускіх песень паводле версіі Tuzin.fm.

10 месца. «Белавежская пушча»

Музыку да гэтай песні напісала Аляксандра Пахмутава, словы - Мікалай Дабранраваў. У рэпертуар «Песняроў» яна трапіла ў 1976 годзе. На беларускую мову песню пераклаў Расціслаў Завістовіч і выканаў Данчык.

9 месца. «Радыё Свабода»

Музыка - Вячаслава Кораня, словы - Фелікса Аксенцева. Кампазіцыя была створаная ў пачатку 90-х і стала галоўнай песняй гурта Ulis. У 1999 годзе яе пераспяваў гурт N.R.M.

8 месца. «Я нарадзіўся тут»

Музыка і словы - Лявона Вольскага. Песня стала галоўным гітом аднайменнага праекта. Яе выконваюць Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч.

7 месца. «Бяжы, хлопец»

Музыка - Ігара Варашкевіча, словы - Дзмітрыя Лукашука. Гэты твор можна па праву назваць песняй № 1 у рэпертуары гурта «Крама».

6 месца. «Шуміце, бярозы»

Музыка - Эдуарда Ханка, словы - Ніла Гілевіча. Візітная картка «Сяброў» была запісаная ў 1983 годзе. Нягледзячы на беларускую мову, песня гучала ва ўсіх папулярных савецкіх тэлеперадачах тых часоў.

5 месца. «Паветраны шар»

Музыка і словы - Лявона Вольскага. Песня стала галоўным гітом альбома «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» гурта N.R.M.

4 месца. «Касіў Ясь канюшыну»

Музыка і словы - народныя ў апрацоўцы Уладзіміра Мулявіна. Шмат у чым дзякуючы гэтай песні «Песняры» сталі ансамблем № 1 у СССР.

3 месца. «Завіруха»

Музыка - Эдурада Ханка, словы - Генадзя Бураўкіна. Твор у выкананні ансамбля «Верасы» набыў усесаюзную вядомасць шмат у чым дзякуючы выкананню на Цэнтральнай тэлевізіі ў праграме «Песня года» (1982).

2 месца. «Тры чарапахі»

Музыка і словы - Лявона Вольскага. Адзін з гітоў гурта N.R.M.

1 месца. «Александрына»

Музыка - Уладзіміра Мулявіна, словы - Петруся Броўкі. Песня была напісаная ў лістападзе 1970 года. Кажуць, што яе выкананне на адным з канцэртаў «Песняроў» настолькі кранула тагачаснага кіраўніка БССР Пятра Машэрава, што ён адразу ж даў загад узнагародзіць музыкаў годнасцю заслужаных артыстаў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках