6 траўня 2024, панядзелак, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спіс Магніцкага» дапоўняць «спісам Нямцова»

9
«Спіс Магніцкага» дапоўняць «спісам Нямцова»

Расейская апазіцыя прапануе ўвесці санкцыі супраць крамлёўскіх прапагандыстаў.

Паводле звестак «Независимой газеты» 23 красавіка сустаршыня РПР-ПАРНАС Міхаіл Касьянаў ў Вашынгтоне перадасць амерыканскім кангрэсмэнам так званы «cпіс Нямцова».

У гэтым спісе - вядомыя расейскія прапагандысты Уладзімір Салаўёў, Аркадзій Мамантаў, Андрэй Каравулаў, Канстанцін Семін, Дзмітрый Кісялёў, гендырэктар тэлеканалаў Уладзімір Кулісцікаў і Алег Дабрадзееў, а таксама дэпутат Дзярждумы Аляксей Пушкоў.

Супраць іх прапануецца выкарыстаць «закон Магніцкага», гэта значыць забараніць ім ўезд у ЗША і замарозіць іх актывы.

На думку аўтараў спісу, Міхаіла Касьянава і чальца федэральнай палітрады РПР-ПАРНАС Уладзіміра Кара-Мурзы, дзейнасць названых у спісе асоб спрыяла «распальванню ў краіне атмасферы нянавісці, якая зрабіла свой унёсак у забойства палітыка».

Спіс расейскіх тэлевізійцаў названы ягоным імем, бо раней менавіта Нямцоў прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да супрацоўнікаў і кіраўнікоў СМІ, якія займаюцца прапагандай.

Касьянаў сказаў, што падчас падрыхтоўкі «спісу Нямцова» быў праведзены аналіз усіх юрыдычных аспектаў: «Ёсць канкрэтныя этычныя нормы, якія парушылі гэтыя людзі. Нам не падабаецца не іх асабістая пазіцыя, а парушэнне імі правоў грамадзян на свабоду інфармацыі і распальванне нянавісці ў дачыненні да апазіцыі».

«На нашую думку, яны не з'яўляюцца журналістамі, а з'яўляюцца прапагандыстамі і чыноўнікамі. Іх агітацыя, прапаганда і публічнае цкаванне Барыса Нямцова ў выніку прычыніліся да ягонага забойства», - дадаў Касьянаў.

У тлумачальнай часткі «спісу Нямцова» прадстаўлены канкрэтныя выказванні журналістаў са спасылкамі на эфір расейскага ТВ.

Так, Кісялёў, каментуючы акцыю апазіцыі «Марш міру», кажа, што яе арганізатары Касьянаў і Нямцоў атрымліваюць натхненне ад «кідання гразі», а тэлевядоўца Каравулаў называе той жа марш «маршам здраднікаў».

Аналагічныя прэтэнзіі аўтары спісу выставілі і ў дачыненні да гендырэктара УДТРК Дабрадзеева, прадставіўшы шмат якія спасылкі на эфіры тэлеканала «Расея».

Са слоў Касьянава, надалей спіс будзе пашырацца, «але гэта будзе доўгая і карпатлівая праца». Пасля ЗША дакумент будзе прадстаўлены Еўрапарламенту для ўвядзення аналагічных санкцый Еўразвязам.

Са слоў Кара-Мурзы, патрэба звароту ў міжнародныя інстанцыі выкліканая тым фактам, што ў Расеі прыцягнуць гэтых людзей да адказнасці немагчыма.

Ён падкрэсліў, што «калі-небудзь яны абавязкова адкажуць за свае дзеянні перад расейскім законам, але ўжо сёння мы можам і павінны прыцягнуць іх да адказнасці на міжнародным узроўні - тым больш, што гэтыя спадары, якія так любяць паліваць граззю пракляты Захад, чамусьці аддаюць перавагу адпачываць менавіта там».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках