3 траўня 2024, Пятніца, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Кірыла Сілівончыка: Мой сын малайчына, і дзякуй тым, хто яму дапамагае

5
Маці Кірыла Сілівончыка: Мой сын малайчына, і дзякуй тым, хто яму дапамагае

Сына свайго Наталля Сілівончык ведае як шчырага патрыёта Беларусі.

22-гадовага грамадзяніна Беларусі Маскоўскі акруговы вайсковы суд прысудзіў да двух гадоў калоніі-пасялення за радыкальныя антырасейскія заклікі, якія змяшчаюцца Вконтакте.

Юнак быў прызнаны вінаватым паводле артыкулу «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». У Расеі справы паводле гэтага артыкулу падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны - цывільная асоба.

Сістэмны адміністратар публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы тэксты і малюнкі ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай агрэсіі.

Сярод іншага, заяўляе пракуратура, ён заклікаў «вярнуць Крым Украіне». Былі там і іншыя радыкальныя выказванні. Цалкам прысуду ніхто пакуль не бачыў - як паведамілі журналістам у судзе, гэты прысуд не падлягае публікацыі на сайце. Не мае прысуду і адвакатка Сілівончыка Юлія Баранец.

Урыўкі з прысуду, тым не менш, апублікавала ў Фэйсбуку беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч, якая працуе на расейскім Першым канале.

Блізкія і дзяўчына Сілівончыка падтрымлівалі яго, але спачатку маўчалі, бо баяліся рэакцыі. Аднак цяпер і яны пачынаюць казаць.

«Для мяне гэта загадка, бо сын нідзе і ні ў чым не ўдзельнічаў, - распавяла ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» Наталля Сілівончык, што жыве ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці і працуе ў сталоўцы. - У Маскве наймалі адвакатаў у абарону Кірыла. Усё ішло да таго, што адплаціцца штрафам. Але вайсковы суд павярнуў па-іншаму. Такіх палітычных разглядае вайсковы суд. Мы не падавалі касацыйную скаргу, бо гэта мінімальнае пакаранне, якое маглі даць».

Наталля Сілівончык на суд не ездзіла, бо здароўе ў яе не найлепшае. Кірыл забараніў ёй прыязджаць. Паездка ж патрабуе вялікіх грошай - і на квіткі, і на начлег. Маці даведалася ад адвакаткі, у чым абвінавацілі сына:

«Адвакатка сказала, што ён пісаў штосьці ў артыкуле, каб Украіна і Беларусь аб'ядналіся супраць агрэсіі Расеі. Украінская тэма - яна даволі актуальная, і шмат моладзі пра гэта выказваецца. Але чамусьці іх не арыштоўваюць і не саджаюць, а вось Кірыл трапіўся. З’яўляюцца такія думкі: нешта тут не так, бо казалі ж, што там нічога такога крымінальнага няма. І тут хапнулі. Ну што гэтыя мае тэлефанаванні? Калі б я магла быць на месцы, то магла б і са следчым пагаварыць, і з сябрамі».

Кірыл Сілівончык працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе сістэмным адміністратарам завода. Затрымалі яго з сябрамі, але што з імі, пакуль невядома.

Маці не верыць таму, што сын заклікаў да тэрарызму. Кажа толькі, што не варта было нешта дрэннае пісаць пра Расею, калі ў ёй жывеш і працуеш.

Сына свайго Наталля Сілівончык ведае як шчырага патрыёта Беларусі. І называе «нацыяналістам» - у добрым сэнсе гэтага слова:

«Ён «нацыяналіст» - на беларускай мове размаўляе. Ён нават пытаўся: «Мама, як ты ставішся да таго, што я размаўляю на беларускай мове?» Я кажу: «Добра, добра. Малайчына! Беларуская мова наогул траціцца, а яна павінен развівацца. Прагрэс павінен быць». Цяпер выходзіць так, што нават беларусы не могуць расейскае слова перакласці на беларускае. Нават чытаць некаторыя па-беларуску не могуць. І размаўляюць хіба што на мясцовым дыялекце. Так што ягоную беларускую мову я толькі вітала».

Наталля распавяла, што ў яе трое дзяцей. Муж памёр у сярэдзіне 90-х. Кірыл малодшы з дзяцей - у чэрвені яму будзе толькі 23 гады. Ён скончыў у Гомелі машынабудаўнічы каледж на спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». І паступіў на завочнае навучанне ў Гандлёва-эканамічны ўніверсітэт.

«Працы [ў Гомелі] не было. Разумееце, ён год тузаўся. А там ён зрабіў кліенту праграму - як праграміст. Ён ім спадабаўся. Вядома, ездзіў спачатку на пробныя заданні. Ён, як выявілася, руплівы, адказны. Так і застаўся», - распавядае маці.

Маці ўдзячная ўсім, хто праз інтэрнэт узнімае голас за вызваленне сына, які цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Ніжнім Ноўгарадзе. Толькі ёй не вельмі верыцца, што гэта нешта зменіць у лёсе Кірыла, бо ў Расеі свае законы, свае парадкі: «Што ў сына прыхільнікі ёсць - за гэта вялікі дзякуй. Але я маю сумнеў, што гэта дапаможа. Магчыма, калі б ён быў у Беларусі, то - так, можа, і дапамагло б. А там жа Расея. У іх свае законы, у нас - свае. І, ведаеце, магчыма, больш на гэтую тэму гаварыць не буду».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках