17 траўня 2024, Пятніца, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аб'ём ВУП Расеі скараціўся за сакавік на 3,4%

1
Аб'ём ВУП Расеі скараціўся за сакавік на 3,4%

У лютым тэмпы скарачэння не перавышалі 1,2%. У параўнанні з папярэднім месяцам аб'ём ВУП скараціўся на 1%, гэта ўтрая горш за вынік лютага.

У сакавіку 2015 года аб'ём валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Расеі скараціўся ў гадавым вылічэнні адразу на 3,4%, вынікае са звестак маніторынгу Мінэканамразвіцця Расеі. «Звесткі за сакавік гэтага года паказалі паглыбленне спаду эканомікі», - адзначаецца ў дакуменце.

У папярэднім месяцы тэмпы зніжэння эканомікі былі амаль утрая ніжэйшыя - за люты 2015 года ВУП Расеі ў параўнанні з апошнім месяцам зімы мінулага года, згодна з абноўленымі звесткамі, знізіўся толькі на 1,2%. Раней меркавалася, што лютаўскае падзенне ВУП было амаль удвая мацнейшым, Мінэканамразвіцця ацэньвала яго ў 2,3%. У месячным вылічэнні аб'ём расейскага ВУП у сакавіку 2015 года скараціўся на 1%, гэта ўтрая горш за вынік лютага, піша РБК.

«Такім чынам, з наяўных ацэнак, хваля спаду ў першым квартале перамясцілася з лютага на сакавік», - адзначаецца ў справаздачы Мінэканамразвіцця.

Агулам за студзень-сакавік 2015 ВУП скараціўся на 2,2%, што ў Мінэканамразвіцця тлумачаць спадам у будаўніцтве, апрацоўваючай вытворчасці і раздробным гандлі. Прынамсі, узровень прамысловай вытворчасці ў сакавіку 2015 года знізіўся ў гадавым вылічэнні на 0,6%, а ў першым квартале - на 0,4%. Пры гэтым у цэлым шэрагу галін падзенне было істотна мацнейшым. Так, напрыклад, у тэкстыльнай і швейнай прамысловасці аб'ёмы вытворчасці скараціліся на 19,4%, у сферы вытворчасці скуры, вырабаў са скуры і абутку - на 15,7%, транспартных сродкаў і абсталявання - на 13,5%.

У будаўніцтве аб'ём работ у сакавіку 2015 года ўпаў на 6,7%, што з'яўляецца найгоршым вынікам з чэрвеня 2014 года. У той жа час тэмпы росту ўводу ў строй жылля выраслі ў сакавіку адразу на 24,4% (у параўнанні з сакавіком 2014).

Абяцанага чыноўнікамі паляпшэння не наступіла, прамысловасць у першым квартале ўтрымала эканоміку ад яшчэ больш глыбокага падзення, адзначае намеснік дырэктара Цэнтра развіцця НДУ ВШЭ Валерый Міронаў. «Паўсюднага спаду яшчэ няма. Загрузка вытворчасцяў на канец 2012 года складала 74%, сёння яна застаецца ніжэйшай за 80%. Мы можам расці мінімум на 5%, нават у адсутнасць росту інвестыцый», - ацэньвае эканаміст. Але нарошчваць выпуск можна толькі пры росце попыту, а ці будзе гэты рост - невядома, сумняваецца Міронаў.

Паглыбленне рэцэсіі рушыць услед у другім квартале, мяркуе галоўны эканаміст «ВТБ Капіталу» Уладзімір Колычаў. Эканоміка ўсё яшчэ адаптуецца да вонкавых шокаў, тлумачыць ён. Рост жыллёвага будаўніцтва дапамог змякчыць падзенне інвестыцый - адбіліся леташнія продажы: дэвелаперы атрымалі грошы, цяпер выконваюць абавязанні, дабудоўваючы жыллё. «Гэта часовы фактар падтрымкі, далей будзе правал - попыт упаў, вельмі моцна прасела іпатэка», - дадае эканаміст.

Аднак Мінэканамразвіцця палепшыла эканамічны прагноз. Замест заяўленых раней 3% падзення ВУП ведамства чакае, што эканоміка ў гэтым годзе скароціцца на 2,8%. «У 2016 годзе выйдзем на рост 2,3%, у 2017-2018 гадах - на 2,5%», - казаў раней міністр Аляксей Улюкаеў. Прагноз інфляцыі на 2015 год палепшаны з 12,2 да 11,9%, а ў сярэднегадавым значэнні - з 16 да 15,7%. Не так імкліва, як чакалася, з лютаўскага макрапрагнозу, скароцяцца інвестыцыі - 10,6% замест 13,7%, адзначаў Улюкаеў.

Цягам бліжэйшых пяці гадоў расейскую эканоміку чакае стагнацыя, заяўляў у канцы сакавіка былы міністр фінансаў, цяпер кіраўнік Камітэта грамадзянскіх ініцыятыў Аляксей Кудрын на круглым стале, прысвечаным 15-годдзю абрання Уладзіміра Пуціна прэзідэнтам Расеі. «Сярэдні прагноз мае на ўвазе, што мы выйдзем пасля крызісу на стагнацыю эканомікі - няма напрацоўкі структурных рэформаў. Гэта з'яўляецца самым сур'ёзным выклікам, які стаіць перад прэзідэнтам, - стагнацыя эканомікі як мінімум цягам найбліжэйшых пяці гадоў», - заявіў Кудрын.

З ім згаджаўся кіраўнік Ашчадбанка PФ Герман Грэф. «Калі мы ў самы найбліжэйшы час не зоймемся маштабна структурнымі рэформамі, то я не бачу крыніц для эканамічнага росту і, адпаведна, росквіту і канкурэнтаздольнасці нашай краіны», - заявіў эканаміст, выступаючы на гэтым тыдні ў Екацярынбургу перад студэнтамі Уральскага федэральнага ўніверсітэта (цытата па ТАСС). Ён заклікаў не перакладаць адказнасць за няпростую сітуацыю ў эканоміцы на санкцыі ці іншыя вонкавыя фактары.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках