19 траўня 2024, Нядзеля, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Newsweek: Украінцы рыхтуюцца да расейскага ўварвання

5
Newsweek: Украінцы рыхтуюцца да расейскага ўварвання

На палігонах цывільных грамадзян вучаць страляць і выконваць базавыя каманды на выпадак вайны.

На танкавым палігоне блізу Днепрапятроўска трэніруюцца амаль 200 добраахвотнікаў, якія пагадзіліся за некалькі тыдняў прайсці спецыяльныя вайсковыя вучэнні. Для многіх з іх гэта першы вайсковы досвед. Яны ніколі не трымалі ў руках зброю.

Але ўкраінцы наважваюцца прайсці падрыхтоўку да вайны праз распаўсюджванне страху далейшай эскалацыі баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны і распаўсюджванні канфлікту за межамі Данбаса. Пра гэта на старонках Newsweek піша карэспандэнт і амерыканскі былы вайсковец Нолан Петэрсан, піша ZN.ua.

"Я тут, каб абараніць свой народ, мой горад і сям'ю. Я вельмі баюся, каб вайна не прыйшла сюды. Думаю, сітуацыя пагоршыцца", - сказаў 20-гадовы Данііл Кішліца.

Узрост добраахвотнікаў вагаецца ад 17 да 74 гадоў. І ў паўсядзённым жыцці яны займаюцца рознай працай. Яны апранутыя ў розную вайсковую форму, якую набылі ў інтэрнэце ці праз валанцёраў. Некаторыя прыйшлі на трэнінг у форме для паляўнічых або ў куртках матацыклістаў. Абутак у большасці таксама зусім не вайсковы.

Узброеныя сілы Украіны спансуюць такія вучэнні ў рамках праграмы развіцця грамадзянскіх добраахвотніцкай батальёнаў, каб абараніць галоўныя гарады краіны ад распаўсюджвання канфлікту на Данбасе або поўнамаштабнага ўварвання Расеі. У выпадку патрэбы, такія батальёны будуць узброеныя і адпраўленыя абараняць стратэгічныя аб'екты, масты і кантрольна-прапускныя пункты.

Стварэнне тэрытарыяльных абарончых батальёнаў ва ўсёй краіне праходзіць ва ўсіх буйных гарадах, такіх як Адэса або Кіеў.

"Я не ваюю супраць расейцаў, я ваююць супраць палітыкаў у Маскве. Мы змагаемся і за будучыню Расеі таксама. Я не ненавіджу расейцаў. Але калі яны прыйдуць сюды, на маю Радзіму, я буду абараняць яе. Нам патрэбная перамога", - сказаў 71 гадовы добраахвотнік Валерый Косараў.

Добраахвотніцкія батальёны адыгралі важную ролю ў першыя дні вайны на ўсходзе Украіны мінулай вясной, калі рэгулярнае войска адчула, што не можа супрацьстаяць прарасейскім тэрарыстам, якіх Расея забяспечыла зброяй, амуніцыяй і вайсковымі інструктарамі. Дагэтуль батальёны супрацоўнічалі з Узброенымі сіламі Украіны, але не падпарадкоўваліся камандаванню ў Кіеве. Аднак цяпер ўкраінскі ўрад спрабуе інтэграваць іх у склад рэгулярнага войска.

Новыя добраахвотніцкія батальёны тэрытарыяльнай абароны таксама будуць уключаныя ў склад Узброеных сіл. Іх трэнінгамі будуць займацца афіцэры Нацыянальнай гвардыі і рэгулярнага войска. Камандзір украінскага войска з пазыўным "Армэн", растлумачыў, што за некалькі дзён добраахвотнікаў навучаць страляць і воінскай дысцыпліне, каб яны маглі ў выпадку патрэбы выконваць баявыя задачы ў складзе батальёна.

"Гэта звычайныя людзі, якія працуюць і вядуць звычайны лад жыцця. Яны не вайскоўцы, а толькі жыхары буйных гарадоў, якія гатовыя абараняць іх", - сказаў "Армэн".

Карэспандэнт піша, што вучэнні на палігоне каля Днепрапятроўска былі вельмі магутнымі. Пад пільным наглядам некалькіх дзесяткаў інструктараў з баявым досведам на Данбасе, добраахвотнікі адпрацоўвалі базавыя манеўры і вучыліся правільна карыстацца і страляць з аўтамата Калашнікава.

Пасля некалькіх гадзін тлумачэнняў яны ўжо стралялі баявымі патронамі. Яны таксама вучыліся страляць з гранатамётаў. Кожны меў магчымасць пастраляць, бо абмежаванняў у патронах і снарадах не было.

"Нам трэба не зброя, а навучанне. Калі нават мы атрымаем новае сучаснае ўзбраенне, будзе дрэнна, калі людзі не змогуць ім карыстацца. Таму навучанне гэта адная з найбольш важных рэчаў", - мяркуе "Армэн".

Аглядальнік заўважае, што вайсковыя экспэрты ў ЗША і NATO нярэдка казалі пра небяспеку ўзмацнення агрэсіі Расеі супраць Украіны. Баявыя дзеянні з часоў бітвы за Дэбальцава аціхлі, хоць абвешчанае замірэнне парушаецца кожны дзень. Таму напружанне і асцярогі далейшай эскалацыі ва Украіне не зніклі.

У Днепрапятроўску валанцёры ды іх інструктары сур'ёзна рыхтуюцца да магчымага наступу прарасейскіх сіл.

"Можа стаць значна горш. Расейцы і баевікі прывезлі вялікую колькасць узбраення ва Украіну. Але калі расейцы паспрабуюць прыйсці сюды, мы іх знішчым", - сказаў камандзір з пазыўным "Армэн".

"Я тут, каб навучыцца абараняць Радзіму і сваю сям'ю. Але я сапраўды хачу міру. Я не хачу больш вайны", - сказала добраахвотніца Валерыя Вайцяхоўская.

Некалькі дзён таму прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што ў выпадку наступу супраціўніка Украіна неадкладна ўвядзе вайсковае становішча.

"Калі ўкраінскія войскі будуць атакаваныя, мы зможам зрабіць усё магчымае для таго, каб забяспечыць іх абарону. Неадкладна будзе ўведзенае вайсковае становішча. Я ўнясу ў парламент адпаведны законапраект, і краіна вельмі хутка пяройдзе на вайсковыя рэйкі", - падкрэсліў ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках