12 траўня 2024, Нядзеля, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары хавалі хваробы пілота, які разбіў А320

21
Лекары хавалі хваробы пілота, які разбіў А320

Лекары авіякампаніі Lufthansa не інфармавалі Федэральную ўправу грамадзянскай авіяцыі Нямеччыны аб дэпрэсіі другога пілота, які разбіў у Францыі Airbus A320 Андрэаса Любіца.

Любіц доўгі час лячыўся ў псіхатэрапеўтаў ад дэпрэсіі, і цягам апошніх месяцаў перад смерцю ён атрымліваў шматлікія лісткі непрацаздольнасці ў розных лекараў, адзначае выданне. Раней пры ператрусе ў ягонай кватэры было выяўлена мноства прэпаратаў, у тым ліку псіхатропных, піша нямецкая газета Welt am Sonntag.

Выданне нагадвае, што з красавіка 2013 года медперсанал Lufthansa быў абавязаны паведамляць управе аб цяжкіх захворваннях пілотаў. У медыцынскай карце Любіца была пазнака, якая прадпісвае паведаміць управе аб праблемах са здароўем пілота.

Аднак лекары гэтага не рабілі, у выніку "федэральная ўправа грамадзянскай авіяцыі ФРГ не была праінфармаваная аб неабходнасці лячэння" другога пілота Germanwings, якога падазраюць у наўмыснай катастрофе авіялайнера з 150 людзьмі на борце.

Кіраўніцтва Lufthansa адмовілася даваць якія-небудзь каментары.

Нагадаем, 29 сакавіка паведамлялася, што Любіц шукаў у інтэрнэце інфармацыю пра самагубства.

Самалёт Airbus A320 нямецкага лаўкостэра Germanwings, які ляцеў рэйсам з Барселоны ў Дзюсэльдорф, пацярпеў катастрофу ў французскіх Альпах 24 сакавіка. Як усталявала следства, грунтуючыся на звестках бартавога самапісца, пасля таго як самалёт набраў крэйсерскую вышыню, камандзір экіпажа выйшаў у туалет, а Любіц застаўся адзін у кабіне пілотаў. Пасля гэтага самалёт пачаў зніжэнне.

Калі камандзір вярнуўся, дзверы былі зачыненыя, а на стук Любіц не рэагаваў. Пасля прыкладна 10-хвіліннага зніжэння лайнер разбіўся. Пракурор Марсэля Брыс Рабэн раней заяўляў, што Любіц наўмысна накіраваў самалёт у піку і ў момант сутыкнення з зямлёй быў жывы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках