17 траўня 2024, Пятніца, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Рызе прапанавалі скасаваць Міністэрства інфармацыі Беларусі

4
У Рызе прапанавалі скасаваць Міністэрства інфармацыі Беларусі

На медыяфоруме «Усходняга партнёрства» ў Рызе адбылася дыскусія аб праблемах беларускіх журналістаў.

Экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна выступіла на Першай медыяканферэнцыі «Еўрапейскага партнёрства» з дакладам пра сітуацыю ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мы завязлі ў савецкасці адной нагой, з тых часоў у нас засталося стаўленне да СМІ як да рухавікоў дзяржаўнай ідэалогіі і статыстаў. А Лукашэнка, прынамсі, кажа, што ідэалогія не падлягае прыватызацыі», - заявіла Жанна Літвіна.

З яе слоў, у Беларусі па-ранейшаму дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія маюць шмат эканамічных прэферэнцый. Але апека дзяржавы робіць гэтыя СМІ слабымі, і як прыклад Літвіна прывяла рэакцыю беларускіх дзяржаўных СМІ на расейска-ўкраінскі канфлікт:

«Дзяржаўныя СМІ Беларусі здымаюць з сябе адказнасць за вострыя моманты, яны чакаюць указанняў. У першыя тыдні расейска-ўкраінскага канфлікту дзяржаўныя СМІ Беларусі наогул маўчалі, бо беларускае кіраўніцтва яшчэ не сфармавала сваю пазіцыю. Гэта было нормай - замоўчванне. Дзяржаўныя СМІ самі былі не здольныя сфармуляваць пазіцыю што да падзеяй у суседзяў».

На думку Жанны Літвіной, Беларусь - краіна, якая найбольш падпадае пад прапагандысцкі ўплыў з Расеі, яна інфармацыйна адкрыта ў бок Расеі, у выніку дзве траціны беларусаў давяраюць расейскай прапагандзе і дэзінфармаваныя ёю.

Са слоўх Літвіной, аўдыторыя незалежных СМІ ў Беларусі невялікая, і самае важнае цяпер - развіццё прасторы для незалежных СМІ.

Літвіна паведаміла аб праблемах працы журналістаў без акрэдытацыі і спробах беларускіх уладаў кантраляваць інтэрнэт. Яна распавяла, што пасля нядаўняга прыняцця паправак у закон аб СМІ інтэрнэт-рэсурсы прыраўноўваюцца да звычайных СМІ, і перад імі паўстала праблема блакавання.

«Тэставанне блакавання інтэрнэт-рэсурсаў ужо адбылося, цяпер пайшлі папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі. Экспэрты ўжо заявілі ў сувязі з гэтым аб парушэнні міжнароднага пакта аб палітычных правах», - заявіла Літвіна.

Пасля выступу Жанны Літвіной слова папрасіў намеснік начальніка ўправы прававой і кадравай работы Міністэрства інфармацыі Юрый Бябешка, каб «выказаць іншы пункт гледжання»:

«Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне СМІ развіваецца з улікам нацыянальных асаблівасцяў», - заявіў Бябешка.

«Аб манапалізацыі СМІ не варта і казаць, бо 80 адсоткаў СМІ ў Беларусі - недзяржаўныя і дзейнічаюць з улікам разнастайнасці меркаванняў. Беларусь знаходзіцца на 38-м месцы ў свеце, паводле рэйтынгу тэлекамунікацыйных тэхналогій, 5 мільёнаў чалавек маюць доступ да СМІ. Так, Міністэрства інфармацыі можа абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, але з 1 студзеня быў абмежаваны доступ да 18 рэсурсаў. 15 з іх прапаноўвалі наркотыкі, адзін - парнаграфію, два інфармацыйныя рэсурсы былі заблакаваныя за распаўсюд табуяванай лексікі. Гэта адпавядае еўрапейскім тэндэнцыям», - заявіў прадстаўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Адзін з экспэртаў медыяфоруму, старшыня Ерэванскага прэс-клуба Барыс Навасардзян пасля выступу Бябешкі папрасіў слова для рэплікі і заклікаў для развязання праблем беларускіх СМІ ліквідаваць Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое стварае гэтыя праблемы.

«Упершыню чую пра нацыянальныя асаблівасці свабоды слова... У Арменіі мы імкнуліся ліквідаваць Міністэрства інфармацыі і былі задаволеныя, калі нарэшце гэта здарылася», - сказаў Навасардзян.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках