4 траўня 2024, Субота, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна забараніла транзіт у Прыднястроўе расейскіх вайскоўцаў

12
Украіна забараніла транзіт у Прыднястроўе расейскіх вайскоўцаў
Фота: mk.ru

Вярхоўная Рада цалкам дэнансавала пагадненне аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве з Расеяй.

Скасаваны таксама падзаконны акт пра транзіт праз тэрыторыю Украіны расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Прыднястроўі - непрызнанай "дзяржаве" на тэрыторыі Малдовы, паведамляе "Украінская праўда".

Расейскі вайсковы экспэрт Віктар Мурахоўскі распавёў расейскай службе BBC, што гэтая пастанова ўкраінскага парламента не прывядзе ні да якіх наступстваў, а з'яўляецца чыста палітычным крокам.

"Людзі даўно ўжо перамяшчаюцца не воінскімі фармаваннямі, а ў індывідуальным парадку. Што датычыцца ўзаемадзеяння ў вайсковай выведцы - яно на практыцы ўжо даўно не праводзіцца. А пагадненне аб узаемнай ахове вайсковых сакрэтаў тычыцца распрацовак савецкіх часоў. Я не бачу абсалютна ніякай шкоды, якая можа быць нанесеная цяперашнім раскрыццём гэтых сакрэтаў. Прайшло больш за 20 з лішнім гадоў", - заявіў ён.

З ім не пагадзіўся намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін. З ягоных слоў, праезд вайскоўцаў будзе практычна немагчымы.

Пагадненне мела на ўвазе толькі транспарціроўку па чыгунцы. Ці будзе цяпер праводзіцца транспарціроўка на самалётах - невядома.

Усяго Вярхоўнай Радай 21 траўня было анулявана пяць дакументаў: пра транзіт расейскіх войскаў праз Украіну ў Прыднястроўе, аб ахове сакрэтнай інфармацыі, аб вайсковых міждзяржаўных перавозках і разліках за іх, аб супрацоўніцтве ў галіне вайсковай выведкі, аб супрацоўніцтве ў сферы вайсковай тэхнікі.

"Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка" - непрызнаная дзяржава, якая абвясціла незалежнасць ад Малдавіі ў 1991 годзе. Узброены канфлікт, які разгарэўся, быў спынены пасля ўмяшання расейскіх войскаў, яны застаюцца на тэрыторыі ПМР дагэтуль.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках