26 красавiка 2024, Пятніца, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канторы ў Менску патаннелі на 20%

3
Канторы ў Менску патаннелі на 20%

Кошт сучаснай офіснай плошчы на другасным рынку Менска знізіўся з пачатку года прыкладна на 20%.

Пра гэта паведаміла кіраўніца праектаў адміністрацыйнай нерухомасці кампаніі “Твая сталіца. Нерухомасць для бізнэсу” Наталля Новікава.

Паводле ейных слоў, “празмернасць офісных плошчаў і нізкі ўзровень попыту ціснуць на ўзровень кошту”. Больш за ўсё страчваюць у кошце адміністрацыйныя аб'екты C-класа, якія зазвычай адстаюць ад іншых бізнэс-цэнтраў у якасці і месцазнаходжанні. Іх уласнікі вымушаныя зніжаць кошт, каб прывабіць пакупнікоў. У выніку з пачатку года сярэдні кошт прапановы такіх аб'ектаў знізіўся больш чым на 20% - да 1 740 даляраў за м2 з ПДВ.

Экспэртка адзначыла, што бізнэс-цэнтры класа B "таксама адчуваюць складанасці з прывабліваннем пакупнікоў – іх кошт у сярэднім знізіўся на 14%. Цяпер за офісныя памяшканні ў такіх аб'ектах просяць у сярэднім 2 030 даляраў. "Пры гэтым у B-класе сабраныя зусім розныя аб'екты - ад стандартных офісных будынкаў у спальных раёнах да ўнікальных комплексаў з прытачным месцазнаходжаннем і арыгінальнай канцэпцыяй", - адзначыла Новікава.

Кошты ўгод прыкладна на 10-15% ніжэйшыя за прапановы. Кошт для аб'ектаў класу "В" знаходзяцца ў дыяпазоне 1 850-1 900 даляраў за м2 з ПДВ, класу "С" – 1 500-1 550. "Пры гэтым усё больш уласнікаў вяртаюцца да рынкавых коштаў, таму сума сярэдняга дысконту будзе пакрысе зніжацца", - адзначыла экспэртка.

"У Менску з'явіліся раней нехарактэрныя для рынку прапановы. Асобныя забудоўнікі, якія маюць адразу некалькі аб'ектаў, гатовыя прадаваць офісныя плошчы практычна сабекоштам, робячы стаўку не на маржу, а на сумы продажу. Паказальны прыклад бізнэс-цэнтра B-класу "Арлан", у якім перад адкрыццём кошт знізіўся на траціну - да 1 340 даляраў. Рынак цяпер на баку пакупніка, і дэвелапэры гэта ўсведамляюць", - адзначыла Новікава.

Паводле ейных слоў, "на рынку злёгку ўзварушыліся пакупнікі - кампаніі набываюць офісы як для ўласных патрэб, так і з інвестыцыйнымі мэтамі". "Цяпер, калі офісныя памяшканні прыкметна патаннелі, набываць іх стала больш выгадна. Праз 1,5-2 гады кошты павінны пайсці ўгору, а за гэты час можна атрымліваць стабільны рэнтны даход. Падаграваюць цікавасць шырокі выбар офісаў на ўсякі густ і партманет", - мяркуе кіраўніца праектаў.

Змены закранулі і долевае будаўніцтва бізнэс-цэнтраў у Менску, сказала Новікава. Асноўная тэндэнцыя - збліжэнне коштаў аб'екты класаў "B" і "C". На пачатковых этапах будаўніцтва яны блізкія, а на апошніх стадыях розніца складае толькі 12%. "Сёння дольнікі аддаюць перавагу памяшканням у бізнэс-цэнтрах B-класу. Уступаць у долевае будаўніцтва офісаў класу "С" стала менш выгадна", - звярнула ўвагу экспэртка. Кошты для дольнікаў цяпер вагаюцца ад 1 300 да 2 500 з ПДВ за м2 у залежнасці ад аб'екта.

Агулам у Менску цяпер будуецца блізу 30 бізнэс-цэнтраў, амаль 50% якіх належыць да класу "В". Сярод найбольш цікавых аб'ектаў - 26-павярховы канторскі будынак у МФК "Тытан", бізнэс-цэнтар са SPA Riviera Plaza, "Арлан", Kiroff, а таксама комплексы Mercure і Premier Palace. Усё больш аб'ектаў спалучаюць офісную прастору з гандлёвымі, забаўляльнымі ці рэкрэацыйнымі плошчамі, што павышае іх прывабнасць, спрыяе фармаванню станоўчага вобразу, адзначыла экспэртка.

Усё больш бізнэс-цэнтраў у Менску будуецца адзіным уласнікам з наступнай здачай у арэнду. "Гэта сведчыць пра рост прафесійнага ўзроўню дэвелапэраў, якія могуць вытрымаць высокі тэрмін акупнасці. Дробныя фірмы, якія жывуць ад праекту да праекту, вымушаныя развівацца або саступаць месца больш паспяховым кампаніям", - падагульніла прадстаўніца "Тваёй сталіцы".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках