Санслужба выявіла парушэнні ў кожнай праверанай краме Менска
7- 28.05.2015, 19:39
- 6,173
З пачатку гэтага года супрацоўнікі сталічнай санслужбы праверылі амаль 800 аб'ектаў гандлю Менска.
Тыя ці іншыя парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства выявілі амаль у кожнай з крам.
Як паведаміла агенцтву «Мінск-Навіны» выканаўца абавязкаў загадчыцы аддзялення гігіены харчавання аддзела гігіены Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юлія Куўшынава, найбольш распаўсюджаныя парушэнні - гэта рэалізацыя прадуктаў харчавання без маркаваных цэтлікаў або адпаведнай інфармацыі на этыкетцы, невыкананне тэмпературнага рэжыму пры захоўванні і рэалізацыі тавараў, продаж прадуктаў харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці ды іншыя.
Таксама выяўляліся факты нездавальняльнага санітарнага стану памяшканняў і абсталявання.
Паводле вынікаў праверак на той ці іншы тэрмін прыпынялася дзейнасць 184 гандлёвых аб'ектаў. Акрамя таго, з продажу канфіскавана амаль 6 000 кг прадукцыі негарантаванай якасці - без адпаведных дакументаў, з мінулым тэрмінам прыдатнасці, без маркаваных цэтлікаў.
За дапушчаныя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 167 юрыдычных і 769 службовых асоб.