Краіны ЕЗ павялічаць абаронныя бюджэты праз агрэсію Расеі
- 30.05.2015, 17:52
- 60,537
Амаль палова краін Еўразвязу наважыла паступова павялічваць свае абаронныя бюджэты праз агрэсію Расеі супраць Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў законапраекце "Абнаўленне вайсковага праграмавання на 2014-2019 гады", які, прайшоўшы абмеркаванне ў профільных камітэтах Нацыянальнага сходу Францыі, на будучым тыдні павінен прайсці працэдуру галасавання, піша "Укрінформ".
"Улічваючы падзеі ў стратэгічным кантэксце, адзінаццаць дзяржаў ЕЗ ужо павялічылі свае абаронныя бюджэты ў перыяд паміж 2013 і 2014 гадамі, гэта Аўстрыя, Бэльгія, Данія, Эстонія, Латвія, Люксембург, Нідэрланды, Польшча, Румынія, Славакія і Швэцыя", - гаворыцца ў дакуменце.
Паводле ацэнак яго аўтараў, Нямеччына таксама абвясціла аб значным павелічэнні бюджэту, пачынаючы з 2016 года, і Францыя дзякуючы прыняццю гэтай заканадаўчай ініцыятывы "ўпісваецца ў гэтую перспектыву".
"З пачатку (так званага) украінскага крызісу і росту напружанасці ў стасунках з Расеяй некалькі еўрапейскіх дзяржаў, якія мяжуюць з Украінай і Расеяй, прыкметна ўзмацнілі свае абаронныя магчымасці", - адзначаецца ў праекце закона.
У мінулым годзе Румынія павялічыла абаронны бюджэт на 15,13%, Эстонія - на 7,09%, Польшча - на 14.33%, у выніку чаго яе бюджэт павялічыўся на 6,12 млрд еўра. З 2016 года Польшча на абарону будзе выдаткоўваць не менш за 2% ВУП і плануе цягам 10 гадоў, пачынаючы з гэтага, укласці ў гэты сектар 33,6 млрд еўра.
У праекце закона адзначаецца, што пасля некалькіх інцыдэнтаў у Балтыйскім моры (з ўдзелам расейцаў), некаторым скандынаўскім краінам давялося "накіраваць волю" на ўмацаванне сваіх абаронных намаганняў. "З 2014 года, Данія і Швэцыя павялічылі абаронныя бюджэт на 1,65% і 7,18% адпаведна", - адзначаецца ў дакуменце.
Данія таксама прыняла закон вайсковага праграмавання, якім прадугледжваецца бесперапыннае падвышэнне асігнаванняў на абарону да 2017 года. Са свайго боку, швэдская ўлада цгам 5 гадоў павінна дадаткова выдзяліць на гэтыя патрэбы 700 млн еўра. Нідэрланды таксама павялічылі свой бюджэт на абарону на 2,6% яшчэ ў 2014 годзе пасля таго, як пасажырскі самалёт Boeing 77 збілі над Украінай. "Гэтая тэндэнцыя захаваецца і ў 2015 годзе", - адзначаецца ў дакуменце.
Нямеччына абвясціла ў мінулым годзе таксама аб істотным павелічэнні сваіх выдаткаў на абарону ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве. З 2016 года Бэрлін выдаткуе дадаткова 1,2 млрд еўра. "Павелічэнне абаронных выдаткаў на ўзроўні 6,2% працягнецца цягам 5 гадоў", - аргументуюць аўтары законапраекта.
У сувязі з сусветнымі тэндэнцыямі, Францыя таксама плануе павялічыць выдаткі на абарону на 3,8 млрд еўра ў параўнанні з папярэднімі разлікамі, якія былі прынятыя дзейным законам вайсковага праграмавання. Такім чынам, вайсковыя выдаткі Францыі да 2019 года павінны павялічыцца з 158,61 да 162,41 млрд еўра.