3 траўня 2024, Пятніца, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваслаўныя хрысціяне Беларусі святкуюць Сёмуху

8
Праваслаўныя хрысціяне Беларусі святкуюць Сёмуху

Храмы ў гэты дзень ўпрыгожаныя галінамі клёну і бэзу, якія сімвалізуюць абнаўленне душы.

Праваслаўныя і грэка-католiкi ў нядзелю адзначаюць дзень Святой Тройцы. Гэта адное з галоўных царкоўных святаў. Сёмуху адзначаюць на 50-ы дзень пасля Вялікадня, таму ва ўсходніх раёнах Беларусі яе нярэдка называюць Пяцідзесятніцай. На цэнтральнай Меншчыне распаўсюджаная назва Сёмуха, а ў заходніх рэгіёнах краіны - Зялёныя святкі.

Напярэдадні Тройцы, у суботу, праходзіць памінанне продкаў. У праваслаўным царкоўным календары дзень называецца «Траецкая бацькоўская субота», а ў беларускім народным - «Сёмушныя Дзяды»: «Святая Тройца май стаўляе, старых памiнае». У некаторых рэгіёнах, калі наведвалі магілы продкаў, па іх лёгенька праводзілі бярозавымі галінкамі, упрыгожвалі кветкамі, травой, часам пакідалі трохі абрадавай ежы. Яшчэ Траецкую суботу ў нас называлі «зялёнай» або «кляновай», «зелянцом», «Духавай суботай».

Сваю першую назву свята атрымала ў гонар спаслання Святога Духа на апосталаў, якое абяцаў ім Хрыстос яшчэ перад сваім узнясеннем. Спасланне Святога Духа сімвалізуе клопат усіх Асоб Трыадзінага Бога аб свеце: Бог Айцец творыць свет, Бог Сын выкупляе людзей ад рабства д'яблу, Бог Дух Святы асвячае свет праз Царкву і прапаведванне веры для ўсіх народаў.

У евангельскай традыцыі спасланне Святога Духа апісваецца як полымя, языкі якога атачылі кожнага з апосталаў, пасля чаго яны здабылі «дарунак моў» - сталі размаўляць на розных, не вядомых ім раней мовах. Такім чынам, яны атрымалі магчымасць прапаведаваць у розных кутках свету. Менавіта таму Дзень Святой Тройцы называецца таксама днём нараджэння Хрысціянскай царквы.

На Сёмуху існаваў звычай плесці вянкі з красак і зёлак. Такія вянкі дзяўчаты скідалі з галавы ў ваду без дапамогі рук, нахіляючыся і пры гэтым загадваючы: паплыве вянок па рацэ - добры знак, будуць кавалеры і, магчыма, блізкае замужжа. У траецкія дні збіралі гаючыя зёлкі, асвячалі іх у царкве, а потым высушвалі і захоўвалі на працягу ўсяго года. Пры хваробах гэтыя зёлкі запарвалі, абкурвалі імі памяшканне (вельмі дзейсная дэзінфекцыя), кідалі ў склеп для лепшай захаванасці гародніны. Яшчэ дзяўчаты і дзяўчаткі-падлеткі ішлі ў бярозавы гай, дзе звязвалі разам верхавіны маладых бярозак, каб атрымалася своеасаблівая арка, што сімвалізавала злучнасць чалавека з дрэвам-татэмам. За абрадавую ежу ў гэты дзень уважалася яечня. Яе маглі пячы проста дзе-небудзь на вольным паветры. Замужнія кабеты таксама гадалі пра лёс сваіх сямейнiкаў і вязалі вянкі з галінак. Пры гэтым кожны адпавядаў канкрэтнаму сямейніку - бацькам, сёстрам, братам, дзецям. І дзяўчаты часам плялі вянкі паводле колькасці сваіх кавалераў, самі сабе называючы кожнага. На Палессі існаваў унікальны звычай - «ваджэнне куста». «Кустом» называлі прыгожую дзяўчыну, адзетую сяброўкамі ў зялёны ўбор з галінак клёну, красак і зёлак. «Куст» сімвалізаваў сабой радзіну, крэўныя повязі. З ім абыходзілі ўсе хаты, віталі гаспадароў, зычачы ім дабрабыту, здароўя і дабра.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках