3 траўня 2024, Пятніца, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітыкі Нямеччыны заклікалі стварыць новую міжнародную федэрацыю футбола

12
Палітыкі Нямеччыны заклікалі стварыць новую міжнародную федэрацыю футбола

Пасля пераабрання на пяты тэрмін прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбола Ёзэфа Блатэра нямецкія палітыкі заклікалі стварыць альтэрнатыву FIFА.

Аб гэтым піша Deutsche Welle, спасылаючыся на еўрапейскія крыніцы.

"Еўрапейскія футбольныя федэрацыі павінны, нарэшце, зрабіць высновы з перавыбараў Блатэра", - заявіў віцэ-старшыня Еўрапейскага парламента Аляксандр Граф Ламбсдорф (Alexander Graf Lambsdorff) у інтэрв'ю газэце "Welt am Sonntag", апублікаваным у нядзелю, 31 траўня. На думку палітыка, асноўныя федэрацыі, прадстаўленыя найлепшымі футбольнымі камандамі планеты, маглі б аб'яднацца ў "Сусветную футбольную асацыяцыю" (World Football Association "(WFA).

"Як будзе называцца чэмпіянат свету - Кубак свету FIFA або Сусветны чэмпіянат WFA - не так важна. Вызначальным з'яўляецца жаданне заўзятараў бачыць футбол у выкананні найлепшых камандаў свету, якім адказна і без скандалаў кіруе міжнародная арганізацыя", - упэўнены Ламбсдорф.

Яму бачыцца, што ядром такой федэрацыі павінна стаць Еўропа.

"Калі пяць вядучых футбольных нацый Еўропы - Нямеччына, Англія, Гішпанія, Францыя і Італія - абвесцяць аб сваёй ахвоце стаць ядром WFA, то да іх у самы кароткі час далучацца ЗША, Японія і Аўстралія. Далучэнне да новай федэрацыі Аргентыны і Бразіліі будзе азначаць спартовы і эканамічны канец FIFA Блатэра", - мяркуе палітык.

Аналагічнага пункту гледжання пільнуецца сустаршыня партыі "Звяз-90"/"Зялёныя" Сімонэ Пэтэр.

"Калі FIFA не будзе пастаўленая з галавы на ногі, то было б цалкам дапушчальным стварэнне новай міжнароднай федэрацыі футбола. Для якой на першым плане будуць стаяць інтарэсы спорту, забеспячэнне празрыстых і арыентаваных на агульныя вартасці крытэраў выбару месца правядзення спартовых спаборніцтваў. А таксама гарантыя таго , што карупцыя і адмыванне грошай у будучыні стануць немагчымыя", - цытуе палітыка "Welt am Sonntag".

Большасць немцаў мяркуюць, што прэзідэнт FIFA Блатэр павінен сысці ў адстаўку ў сувязі з карупцыйным скандалам. За гэта выказаліся 76 адсоткаў рэспандэнтаў, апытаных даследчым інстытутам Emnid на замову газэты "Bild am Sonntag". Супрацьлеглы пункт гледжання толькі ў 11 адсоткаў апытаных.

Акрамя таго, 63 адсоткі немцаў уважаюць, што скандалы і злоўжыванні ў FIFA прычынілі сур'ёзную шкоду футболу. 28% апытаных не падзяляюць гэты пункт гледжання. І, нарэшце, амаль кожны другі жыхар Нямеччыны (47%) уважае FIFA за крымінальную групоўку. 42 адсоткі рэспандэнтаў з гэтым не згодныя.

Як вядома, 27 чэрвеня ў Цюрыху супрацоўнікі ФБР арыштавалі дзевяць высокапастаўленых функцыянераў FIFA, якіх западозрылі ў атрыманні хабараў на асабліва вялікія сумы.

Расследаванне праводзяць ЗША і Швайцарыя.

Між тым Блатэр захаваў сваю пасаду ў выніку выбараў новага прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбольных асацыяцый.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках