2 траўня 2024, Чацвер, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чвэрць беларусаў паліць

19
Чвэрць беларусаў паліць

На пачатак 2015 дзель курцоў ад агульнага насельніцтва ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшых у Беларусі склала 24,4%.

Пра гэта БелТА паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі.

За перыяд з пачатку 2000 года гэта найменшае значэнне паказчыка. Зніжэнне агульнай распаўсюджанасці курэння адбылося за кошт змяншэння распаўсюджанасці курэння сярод мужчын. Цягам апошніх 15 гадоў дзель мужчын, што паляць, знізілася на 7,9 адсоткавых пунктаў і на пачатак 2015 склала 45,8%. За гэты перыяд дзель жанчын, якія паляць, вырасла ў 1,9 разы і склала 9,3%.

Негатыўным фактарам застаецца распаўсюджанасць рэгулярнага курэння. Так, паводле звестак абследавання, на пачатак 2015 большасць мужчын, што паляць, (93,2%) палілі штодня, пры гэтым палова з іх (53,1%) выкурвалі у дзень не менш за пачак цыгарэт. Сярод жанчын, якія паляць штодня, палілі тры чвэрці (76%), пры гэтым не менш за пачку цыгарэт на дзень выкурвалі 21,4% з іх.

Цягам апошніх дзесяці гадоў аб'ём паставак імпартных цыгарэт у Беларусь паменшыўся ў 4,5 разы - з 3,9627 млрд штук у 2005 годзе да 876,4 млн штук у 2014 годзе. Аб'ём вытворчасці тытунёвых вырабаў у 2014 не змяніўся ў параўнанні з 2013 годам і склаў 34,8 млрд штук. У 2005 годзе аб'ём вытворчасці тытунёвы вырабаў склаў 12 млрд штук.

Паводле апошніх звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у большасці краін Еўропы дзель дарослага насельніцтва, якое паліць штодня, знаходзіцца ў межах 20-30%. У Латвіі, Літве, Польшчы і Украіне ўзровень распаўсюджанасці штодзённага курэння склаў ад 25% да 27%. Пры гэтым самы нізкі сярод краін Еўропы ўзровень распаўсюджанасці штодзённага курэння сярод дарослага насельніцтва адзначаны ў Швэцыі (11%), Ісландыі (14%), Вялікай Брытаніі (14%), самы высокі - у Аўстрыі (44%), Грэцыі (36%) і Расеі (34%).

Ужыванне тытуню з'яўляецца самай значнай папераджальнай прычынай смерці і цяпер, паводле звестак СААЗ, прыводзіць да смерці кожнага дзясятага дарослага чалавека ў свеце. Штогод ад «тытунёвай эпідэміі» ў свеце паміраюць амаль 6 млн чалавек (больш за 600 тысяч з якіх не з'яўляючыся курцамі, паміраюць праз ўздзеянне другаснага тытунёвага дыму). Пры адсутнасці дзеянняў да 2030 года гэтая колькасць вырасце да 8 млн чалавек. У сусветным маштабе гэта больш чым сухоты, матчына смяротнасць, дарожна-транспартныя здарэнні, самагубствы і забойствы разам узятыя.

З нагоды Сусветнага дня без тытуню 2015 (штогод адзначаецца 31 траўня) СААЗ заклікае краіны да супольных намаганняў для спынення незаконнага гандлю тытунёвымі вырабамі. Незаконны гандаль тытунёвымі вырабамі з'яўляецца сур'ёзнай глабальнай праблемай у многіх чынніках, уключаючы пытанні аховы здароўя, прававыя і эканамічныя аспекты, пытанні кіравання і карупцыі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках