3 траўня 2024, Пятніца, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Біёлагі навучыліся аднаўляць памяць

Біёлагі навучыліся аднаўляць памяць

Японскія навукоўцы здолелі вылечыць мышэй ад амнэзіі, аднавіўшы з дапамогай святла страчаныя ўспаміны.

Новае даследаванне дапамагло развязаць даўнюю спрэчку нэйрафізіёлагаў аб прыродзе памяці: рэтраградная амнэзія (звязаная з траўмамі і хваробай Альцгаймэра), мабыць, выклікаецца не непапраўнай шкодай для каморак мозгу, а толькі блакаваннем доступу да цэлай памяці. Аб сваіх экспэрымэнтах біёлагі распавялі на старонках часопіса Science, піша Lenta.ru.

Калектыў навукоўцаў на чале з лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў медыцыне Судзуму Танэгавам (Susumu Tonegawa) хацелі высветліць, ці магчыма вярнуць успаміны, «выбітыя» з мозгу хімічнымі сродкамі. Для гэтага яны білі токам мышэй, змешчаных у клетку, у выніку чаго ў іх выпрацавалася ахоўная рэакцыя (заміранне). Праз некаторы час грызуны пачалі заміраць пры траплянні ў клетку нават пры адсутнасці непрыемнага стымулу. Затым частцы мышэй увялі прэпарат анізаміцын, які гамуе сінтэз бялкоў. Тым самым ён аслабіў сінаптычныя сувязі і спрыяў амнэзіі.

Іншыя мышы (кантрольная група) атрымалі бясшкодную салявую рошчыну. Як і чакалася, пры траплянні ў клетку ў мышэй са сцёртай памяццю не ўмыкалася ахоўная рэакцыя.

Потым, каб высветліць, ці знікла памяць аб электрашоку з мозгу паддоследных мышэй (ці проста сталася заблакаванай), навукоўцы звярнуліся да оптагенетыкі - узбурэння святлом каморак мозгу, якім з дапамогай геннай інжынерыі надалі святлоадчувальнасць.

Нэйрафізіёлагі выбарачна актывавалі нэйроны, якія адказвалі за памяць аб непрыемным досведзе, - але ўжо змясціўшы мышэй у іншую клетку. Выявілася, што мышы з амнэзіяй заміралі гэтак жа часта, як і грызуны з кантрольнай групы, нягледзячы на тое, што забыліся пра сваё знаходжанне ў памяшканні з электрашокам.

Навукоўцы тлумачаць гэтую з'яву тым, што за стварэнне (кадаванне) і выманне ўспамінаў адказваюць розныя працэсы. У перыяд навучання (стварэння памяці) сувязі паміж каморкамі ў розных дзялянках мозгу ўмацоўваюцца настолькі, што для іх захоўвання няма патрэбы ва ўзмацненні сінаптычных сувязяў - адрозна ад вымання. Такім чынам, існуе магчымасць вярнуць страчаную ў выніку траўмы ці хваробы памяць.

«Пры рэтраграднай амнэзіі памяць ня касуецца - проста траціцца доступ да яе. Нашы вынікі закліканы стымуляваць новыя даследаванні біялогіі памяці і яе аднаўлення ў клінічных варунках», - адзначае Танэгава.

У 2013 годзе навуковец праславіўся тым, што ўкараніў паддоследным мышам фальшывыя ўспаміны. У 2014 годзе нэйрафізіёлаг паспяхова змяніў эмацыйную афарбоўку ўспамінаў на процілеглую, уздзейнічаючы святлом на нэйроны галаўнога мозгу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках