3 траўня 2024, Пятніца, 5:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Віцебскія Курапаты»: актывісты патрабуюць правесці расследаванне

13

Актывісты грамадскай ініцыятывы «Хайсы» патрабуюць ад улад разабрацца, хто пахаваны на «віцебскіх Курапатах».

Актывісты наведалі невядомыя пахавання, знойдзеныя восенню мінулага года ў лесе каля вёскі Хайсы. Актывісты аднайменнай грамадскай ініцыятывы «Хайсы», створанай дзеля ўшанавання памяці загінулых, цвёрда перакананыя: у гэтым лесе ў 1937-38 гадах праводзіліся сталінскія расстрэлы, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра гэта згадваюць мясцовыя старажылы. Аднак улады прынцыпова не хочуць уважаць іхнія сведчанні за аб'ектыўнымі. Старшыня Мазалаўскага сельсавета абяцаў, што тут будзе працаваць спецыяльны батальён, які займаецца эксгумацыяй парэшткаў. Аднак вайскоўцы дагэтуль не прыязджалі. І ў лесе, у вялікіх ямінах, раскапаных, не выключана, «чорнымі капальнікамі», па-ранейшаму адкрыта ляжаць чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі.

Такое блюзнерства не турбуе ні мясцовую ўладу, ні нават царкву, кажа заснавальнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

«13 траўня мы прыязджалі ў гэтае месца, з намі быў старшыня Мазалаўскага сельсавета Леанід Дубіна. Ён сказаў, што нічога тут рабіць не будзе - нават дробнага ўпарадкавання. Яго не турбуе, што па лесе раскіданыя чалавечыя косткі... На зваротным шляху мы сустрэлі святара з царквы ў паселішчы Лужасна, айца Міхаіла.

Айцец Міхаіл прапанаваў правесці тут хрэсны ход у канцы траўня, на Сёмуху. Але пару дзён таму я яму тэлефанаваў і пачуў адмову: маўляў, штосьці будзем праводзіць толькі пасля таго, як будзе высветлена дакладна, чые гэта косткі. Хіба не ўсё адно? Тут жа ляжаць людзі! Няўжо яны не вартыя хрысціянскага стаўлення да сябе? Няўжо будзе вялікім грахом паставіць тут крыж дзеля іх памяці? Так на пачатку і прапаноўвалі зрабіць прадстаўнікі казацтва. Але потым адступілі і яны.

Атаман Валерый Сямашка, з якім я гутарыў праз тэлефон, сказаў: крыжоў тут ставіць не будзем, а раптам тут пахаваныя габрэі... І мы ўжо самі пастанавілі, што без усялякага хроснага ходу, але прыйдзем сюды, запалім свечкі, ускладзем кветкі на знак памяці пра гэтых людзей».

Актывісты так і зрабілі - запалілі свечкі і ўсклалі кветкі на ўскраі самых вялікіх ямін, дзе ляжаць чалавечыя парэшткі. Яшчэ ўвосень тут былі ўсталяваныя некалькі крыжоў, і цяпер актывісты грамадскай ініцыятывы павязалі на іх стужкі з беларускім арнаментам.

Ян Дзяржаўцаў запісаў сведчанні некалькіх чалавек, якія памятаюць пра сталінскія расстрэлы ў гэтым лесе - або з уласнага дзяцінства, або чулі пра гэта ад бацькоў альбо старэйшых аднавяскоўцаў. Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы звярталіся ў следчы камітэт ды іншыя структуры, каб спецыялісты разабраліся, што за парэшткі знаходзяцца ў лесе. Частку парэшткаў забралі на экспэртызу, але яе вынік быў нечаканы для актывістаў. У лісце за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэта, гаворыцца, што экспэртыза вызначыла толькі адно: што гэтым парэштках больш за 50 гадоў. А прычыну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія былі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, будуць проста перададзеныя службам ЖКГ для пахавання.

Чаму следчыя сабралі толькі частку парэшткаў і не даслалі на экспэртызу абутак, якога ў ямінах таксама мноства. Прычым на падэшвах выяўна відаць фабрычныя штампы з датай вырабу - не пазней за 1937 год.

На думку актывістаў, пад сховам такіх вынікаў экспэртызы адказныя структуры будуць імкнуцца толькі да аднаго: каб цішком сабраць парэшткі і пахаваць іх дзе-небудзь далей. Каб не адказваць на пытанне, хто і ў які час забіваў тут людзей, і не прывабліваць увагу грамадскасці да гэтых месцаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках