3 траўня 2024, Пятніца, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомыя беларусы заклікалі да стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта

9
Вядомыя беларусы заклікалі да стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта

57 грамадскіх і культурных дзеячаў паставілі пад сумнеў ЕГУ як беларускі праект.

Заяву, якую падпісалі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменніца Святлана Алексіевіч, журналісты Ірына Халіп, Анджэй Пачобут ды Святлана Калінкіна, экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч ды іншыя вядомыя беларусы, публікуе «Наша нiва».

«Нягледзячы на тое, што выбары рэктара ЕГУ абвешчаныя скончанымі, з іх вынікамі пагадзіцца немагчыма: шматмесячны працэс быў абсалютна не празрысты, суправаджаўся скаргамі кандыдатаў і непрадказальнымі зменамі правілаў гульні, - гаворыцца ў ёй. - Кіраўніцтва ЕГУ дэманстратыўна праігнаравала заўвагі акадэмічнай і студэнцкай супольнасцяў, асацыяцыі выпускнікоў і беларускай грамадскасці.

Лёс універсітэта трапіў у рукі чалавека, які не толькі ніколі не займаўся беларускімі пытаннямі, але нават не знаёмы з сітуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне. Пры ягоным удзеле мелі месца акадэмічныя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, былі скампраметаваныя еўрапейскія ўніверсітэцкія прынцыпы».

Аўтары заявы адзначаюць, што ўстанова, першапачаткова арыентаваная на выхаванне новага пакалення свядомых грамадзян незалежнай краіны, канчаткова выйшла за рамкі інтарэсаў і ўплыву дэмакратычнай супольнасці Беларусі. З новым кіраўніцтвам, на іх думку, ЕГУ ператвараецца ва «ўніверсітэт каланіяльнага тыпу, камерцыйны праект, у якім беларусы выключаныя з удзелу ў прыняцці вызначальных пастаноў».

«З гэтай нагоды уважаем за неабходнае заявіць, што ў сваім цяперашнім стане ЕГУ не дае падстаў надалей бачыць яго беларускім праектам, - гаворыцца ў дакуменце. - Падтрымка такога ўніверсітэта не можа быць успрынятая таксама як падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, бо дзейнасць кіраўніцтва ЕГУ дыскрэдытуе гэтыя каштоўнасці.

Заклікаем грамадзянскую супольнасць Беларусі прыступіць да неадкладных практычных захадаў для стварэння эфектыўнага канкурэнтаздольнага Нацыянальнага ўніверсітэта, у якім еўрапейскасць стане прынцыпам існавання, беларускасць - стратэгічным выбарам, а Беларусь - унікальным рэсурсам даследаванняў.

Прынцыпам дзейнасці новага ўніверсітэта павінна стаць не «Больш беларусаў у Еўропу», а «Больш Еўропы ў Беларусь».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках