Лукашэнка: Чалавеку не патрэбны рост заробкаў, калі не растуць кошты
60- 5.05.2015, 18:31
- 22,012
Дыктатар прызнаў, што на падвышэнне заробкаў грошай няма.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прыпынення росту коштаў на кантраляваных дзяржавай пазіцыях. Такое даручэнне ён даў 5 траўня, прымаючы з дакладам міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, піша БелТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў канцы мінулага года, пачатку гэтага ў краіне "супакоілі і валютны рынак, і кошты". У той жа час назіраецца падвышэнне коштаў на тавары і паслугі. Са слоў правадыра, гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны: рост курсу даляра ў дачыненні да беларускага рубля.
"Калі назіраецца рост коштаў на кантраляваных пазіцыях і асабліва ў ЖКГ, яшчэ дзесьці, там, дзе дзяржава падвышае кошты, - гэта недапушчальна. Таму што мы заробак сёння не можам падняць. Чалавеку не патрэбны рост заробкаў, калі не растуць кошты", - адзначыў ён.
"І там, дзе мы можам сёння прыпыніць рост коштаў, гэты рост коштаў трэба прыпыніць. Трэба даць зразумець усім: бізнэсоўцам, прадпрымальнікам, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў і ўсім астатнім, што кошты пажадана цяпер не тузаць", - сказаў Лукашэнка.