19 траўня 2024, Нядзеля, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі лагіст: Сітуацыя на рынку такая, што гатовы вярнуцца да «студэнцкага» заробку

27
Менскі лагіст: Сітуацыя на рынку такая, што гатовы вярнуцца да «студэнцкага» заробку
Фота: onliner.by

Дасведчаны лагіст з двума вышэйшымі адукацыямі, веданнем ангельскай і былой пасадай намесніка дырэктара вымушаны дэманстраваць картку беспрацоўнага.

Яе яму без шкадавання выдалі ў дзяржаўнай службе занятасці, піша onliner.by.

27-гадовы Андрэй перакананы, што сітуацыя з уводам валютнага збору і наступнай дэвальвацыяй рубля абваліла рынак лагістыкі ў Беларусі. Маленькая гісторыя аднаго «дармаеда» нехаця - гэта злепак вялікіх цяжкасцяў, якія зараз адчувае прыватны бізнэс агулам. Горкія разважанні і засцярогі ад дурных памылак - у маналогу героя, які пажадаў застацца неназваным:

- Сваю гісторыю я распавядаю не дзеля сябе. Мне шкада тых, хто наступіць на гэтыя ж граблі. Хачу папярэдзіць людзей: будзьце вельмі асцярожныя пры выбары працадаўцы, таму што цяпер, у момант крызісу, людзі гатовыя на ўсё. Усе падманваюць ўсіх. Нават за гучнымі імёнамі часам не стаіць нічога, акрамя ахвоты пусціць пыл у вочы.

У снежні 2014 года, калі ўвялі валютны збор, усе перавозкі ў Беларусі фактычна спыніліся. Мноства лагістычных фірмаў пачалі закрывацца, адкрывацца або рэарганізоўвацца, каб выплаціць свае запазычанасці. Часцей за ўсё наймальнікі выкарыстоўвалі і прадаўжаюць выкарыстоўваць такую ​​схему: бяруць людзей на месяц, а потым выкідаюць на вуліцу без заробка.

З ліпеня 2014 г. я працаваў намеснікам дырэктара ў адной прыватнай лагістычнай кампаніі. Сістэма аплаты, як і ў большасці арганізацый, была такой: афіцыйная частка сумаю 2-3 млн. плюс блізу $1000 у канверце. У кампаніі працавала сістэма штрафаў і бонусаў, часцяком неабгрунтаваных. Пасля таго як здарыўся крызіс у перавозках, мне сталі выплачваць выключна афіцыйную частку заробка. 2,5 млн. рублёў для мужчыны, які мае жонку і чатырохмесячную дачку? Гэта проста смешна! Дырэктар толькі і мог сказаць: працуй больш, шукай кліентаў. Мяне такое становішча спраў не задавальняла, і ў лютым я напісаў заяву на звальненне. Тройчы. Нарэшце, начальнік даў дабро на мой сыход «паводле дамове бакоў», але, як высветлілася, толькі на словах. У рэальнасці мне доўгі час адмаўлялі вяртаць працоўную кніжку, патрабавалі, каб я прадаўжаў працаваць, прычым бясплатна. Спынілі выплачваць нават афіцыйную частку заробка.

Неўзабаве я знайшоў новае месца працы. Даволі вядомая кампанія на рынку транспартных паслуг, блізу 40 уласных грузавікоў Mercedes, некалькі даччыных фірмаў. З наймальнікам мы дамовіліся аб тым, што я займаю пасаду начальніка аддзела ў працы з кліентамі і паводле дамовы падраду атрымліваю заробак 8 млн. З 1 сакавіка я прыступіў да працоўных абавязкаў. Наняў адваката, каб мне вярнулі працоўную кніжку на старой працы і выплацілі хоць бы афіцыйную частку заробку. Справа скончылася тым, што працоўную мне ўсё ж такі аддалі - з запісам «Звольнены паводле артыкула з 1 сакавіка за прагулы». Я гэта так не пакіну, буду абскарджваць артыкул у судзе. Гэтая гісторыя яшчэ не скончаная.

Як высветлілася, новыя працадаўцы таксама не адпавядалі прынцыпам прыстойнасці. Калі я прапрацаваў паўтара месяца, дырэктар падышоў са словамі: «Выбачай, у нас крызіс, даводзіцца ісці на жорсткія меры, ты не справіўся...» Я падумаў: добра, знайду іншы варыянт. Але што самае непрыемнае, грошы за той тэрмін, калі я рэальна працаваў, - з 1 сакавіка да 16 красавіка - мне адмовіліся выплаціць цалкам. Замест 12 млн я атрымаў 1 842 000 рублёў. Праз уласную неасцярожнасць я не падпісаў дамову падраду, абмежаваўся вуснай дамоўленасцю. Проста паверыў у сумленнасць працадаўцы, клюнуў на вядомае імя, круты офіс у цэнтры горада і новенькія машыны Mercedes. Як высветлілася, уладальнікі проста пускалі пыл у вочы. Праз месяц кампанія пераехала ў пашарпаны офіс на ўскраіне.

Так што цяпер я беспрацоўны, хаджу на размовы. Ужо ў дваццаці кампаніях пабываў, не менш. Але ў асноўным мне прапануюць заробак у канверце, а я больш гэтай памылкі паўтараць не буду. Мала таго, адразу ж падпісваць дамову падраду таксама не ўсе згаджаюцца. Гэта наводзіць мяне на падазрэнні: а ці так у іх усё сумленна?

Першы раз я сутыкнуўся з заробкам у канверце, калі мне было 24 гады і я працаваў спецыялістам у знешнеэканамічнай дзейнасці. Дырэктар кампаніі ўводзіў незразумелыя штрафы, самавольна зразаў заробак, затрымліваў... Пасля гэтага я зарокся згаджацца на такія ўмовы, але, як бачыце, наступіў на тыя ж граблі, за што і паплаціўся.

Некалькі месяцаў пабыўшы беспрацоўным, я зразумеў, што па новым законе магу трапіць у катэгорыю дармаедаў. Каб гэтага не здарылася, я пайшоў у дзяржаўную службу занятасці, зарэгістраваўся там. У мяне нават афіцыйная картка беспрацоўнага ёсць, глядзіце!

У службе занятасці мне прапанавалі вакансіі - о так. Заробкі там проста «фантастычныя». Напрыклад, на кіруючай пасадзе на заводзе "Амкадор" прапануюць 3-4 млн рублёў. А сярэдні спецыяліст там і зусім 2-3 млн. атрымлівае. На такія грошы жыць у Менску проста нерэальна.

Афіцыйная статыстыка сведчыць аб тым, што беспрацоўе ў нас менш 20%. На самай справе беспрацоўных вялізарнай колькасці. Праз крызіс у Расеі ўсе, хто перш ад'язджаў туды на заробкі, вярнуліся. Акрамя таго, у пошуках мірнага жыцця да нас масава едуць украінцы. Калі летась у службу занятасці прыходзіў адзін чалавек у дзень, то цяпер там вымушаныя апрацоўваць па сотні. Хоць ніякіх рэальных прапаноў там няма. Нават «айтышнiкам», якія ў прынцыпе менш $1000 ніколі не зараблялі, дзяржава прымудраецца прапаноўваць вакансіі з заробкам 4-5 млн. рублёў.

Са снежня я не атрымліваю ніякага заробку. Як мы з жонкай і дачкой жывем? Ды вось так. Выжываем. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, акрамя таго, двойчы я праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі. Пасля ін'язу засталося добрае веданне ангельскай. І ўсё роўна я вымушаны разглядаць усе варыянты, аж да чорнарабочага на будоўлі. Калі я пачынаў працаваць, мне, зусім неспрактыкаванаму, толькі нядаўняму студэнту, плацілі $500. Цяпер я гатовы атрымліваць 7 млн. з усім сваім досведам, адукацыяй і мовай. І лічу гэта нармальным заробкам. Сёння мне б хапіла $500. Я гатовы вярнуцца да таго ўзроўню, з якога пачынаў. Таму што сітуацыя на рынку сумная.

У сферы грузаперавозак велізарную канкурэнцыю беларусам складаюць прыбалты і палякі. У сувязі з тым, што ў іх падатковая нагрузка значна ніжэйшая, яны могуць дазволіць сабе дэмпінгаваць. Таму кліентаў у беларусаў цяпер зусім мала, асабліва пасля дэвальвацыі рубля. Дробныя кампаніі так і зусім не могуць трымацца на паверхні. Гэта штурхае людзей на махінацыі і шэрыя схемы.

Мой пасыл чытачам Onliner.by такі: уважліва чытайце дамовы, калі ўладкоўваецеся на працу, бо наймальнік часцяком упісвае туды дробным шрыфтам што заўгодна! Згаджайцеся толькі на афіцыйны заробак і легальнае афармленне. Так, я разумею, што кажу відавочныя рэчы. Проста вельмі хочацца папярэдзіць людзей, каб яны пазбеглі судоў і выдаткаваных нерваў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках