19 траўня 2024, Нядзеля, 2:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У гадавіну знікнення Захаранкі ў Менску пакажуць фільм «Банда»

5
У гадавіну знікнення Захаранкі ў Менску пакажуць фільм «Банда»
Юры Захаранка

7 траўня ў офісе БНФ пройдзе паказ дакументальнага фільма «Банда» пра беларускі рэжым і зніклых палітыкаў і журналістаў.

Фільм, які быў створаны пры садзейнічанні Беларускага дакументалістычнага цэнтра, прысвечаны праблеме расследавання знікненняў вядомых беларускіх апазіцыянераў. Шэраг гэтых гучных злачынстваў пачаўся са знікнення 7 траўня 1999 года былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, за якім праз год зніклі былы старшыня Цэнтрвыбаркама, віцэ-прэм'ер і дэпутат парламента Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі.

З сааўтаркай сцэнарыя фільма, вядомай праваабаронцай Раісай Міхайлоўскай напярэдадні паказу пагутарыў карэспандэнт «Радыё Свабода».

- Фільм «Банда» быў упершыню паказаны ў канцы мінулага года ў ЗША, і вось толькі цяпер яго пакажуць у Беларусі. Чаму такая вялікая паўза?

- Сапраўды, фільм у першы раз гледачы ўбачылі ў снежні 2014, і гэта было ў Кангрэсе ЗША. Але з таго часу фільм ужо некалькі разоў дэманстраваўся на тэрыторыі Беларусі, хіба што не праз адкрыты паказ. Мы паказвалі фільм маці Юрыя Захаранкі Ульяне Захаранцы і сваякам іншых зніклых, паказвалі дыпламатам пасольстваў замежных краін, якія працуюць у Менску, у чым дапамаглі амбасады Вялікабрытаніі і Чэхіі. Таксама адбыўся паказ фільма ў беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні для беларускіх праваабаронцаў. А цяпер будзе адкрыты паказ для ўсіх, хто пажадае убачыць фільм, у Менску. Мы запрашаем сёння ў офіс БНФ. А 18-й гадзіне адбудзецца паказ, потым - прэс-канферэнцыя і сустрэча са сваякамі зніклых.

- Ужо было вядома, што Вы сааўтар сцэнарыя фільма, а хто яшчэ яго ствараў?

- Ідэя фільма належыць мне, а сцэнар мы пісалі разам з журналісткай Марынай Бяляцкай. Рэжысёрамі былі Яўген Шапчыц і Павел Бандзіч, які, на жаль, нядаўна раптоўна сканаў. Ён вядомы як аўтар роліка «Схавай бабулін пашпарт». Нам яго вельмі не стае, тым больш што і пасля першага паказу, і да апошняга моманту праца над фільмам доўжылася. Фільм скарачалі, карэктавалі, даводзілі да пэўнага фармату. Пры першым паказе фільм быў паўтары гадзіны, потым скарацілі да гадзіны, цяпер стужка доўжыцца 53 хвіліны. Больш рэзаць ужо няма куды, і без таго - рэзалі, як кажуць, па жывому. І тое важна, і гэта, усё хочацца пакінуць. Некаторыя факты мы прыводзім ўпершыню, думаю, гэта будзе вельмі цікава. Людзі, якія паглядзелі фільм, казалі, што быццам бы ўжо даўно гэта было, шмат пра гэта казалі і пісалі, але ёсць адкрыцці.

- Тэма зніклых застаецца самай балючай для беларускіх уладаў, асабіста для Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары адчувалі ціск у сувязі з фільмам?

- Не. Што тычыцца ціску ў сувязі з фільмам, то аўтары яго на сабе пакуль не адчулі, і, спадзяюся, яго не будзе. Калі ён паўстане, гэта стане дадатковым довадам таго, што злачынцы - на волі. А менавіта пра гэта наш фільм.

- А якія навіны ў расследаванні справы Юрыя Захаранкі?

- Яшчэ тры паперкі, вось што новага. Кожныя тры месяцы прыходзіць паведамленні аб працягу папярэдняга следства. Больш нічога новага ні ў справе Захаранкі, ні ў справах Ганчара, Красоўскага і Завадскага. Заўважу - гучных крымінальных спраў. Мы баяліся, што яны закрыюць справы па заканчэнні 15-гадовага тэрміну ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці позвы, але гэтага не зрабілі. Следчы Вараўка, які вядзе справу Захаранкі, адказаў, што яны не знайшлі асобы, якім можна вылучыць абвінавачанне і ў дачыненні да якой можна прымяніць гэтыя тэрміны даўнасці позвы. А паколькі яны не знайшлі такой асобы, то расследаванне будзе прадоўжанае. Але па гэтай логіцы можна выказаць здагадку, што расследаванне будзе доўжыцца бясконца, калі не знойдуць пэўнай асобы. У справе з Юрыем Завадзкім яны знайшлі нейкіх асоб і правялі судовае расследаванне, але не знайшлі самога Завадскага. Гэта значыць можна сказаць, што гэта таксама была нейкая імітацыя суда. А ў справах з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім наогул нічога няма. Асабіста я мяркую, і пра гэта кажуць героі нашага фільма: патрэбна палітычная воля, а яе ў расследаванні гэтых спраў пакуль няма.

Нагадаем, што 16 гадоў таму, 7 траўня 1999 года ў Менску быў выкрадзены экс-кіраўнік МУС генерал Юры Захаранка.

За некалькі гадоў да гэтага Захаранка быў звольнены са сваёй пасады праз тое, што не падзяляў пункт гледжання Лукашэнкі і ягонага атачэння. Генерал карыстаўся павагай у асяроддзі сваіх калегаў, займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Таму ягоная апазіцыйная дзейнасць прадстаўляла асаблівую небяспеку для ўладаў.

Шмат хто ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі паводле палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і ягоны лёс, невядомыя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках