19 траўня 2024, Нядзеля, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аргкамітэт БХД: Калі не ўдасца арандаваць памяшканне, правядзем з'езд на вуліцы

2
Аргкамітэт БХД: Калі не ўдасца арандаваць памяшканне, правядзем з'езд на вуліцы

Аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» гатовы правесці ўстаноўчы з'езд пад адкрытым небам.

З'езд запланаваны на 13 чэрвеня. Заяўкі на арэнду памяшкання загадзя былі накіраваныя ў 13 арганізацый, у тым ліку ў ДК МАЗ і МТЗ, Моладзевы тэатр эстрады, Цэнтральны дом афіцэраў, Палац культуры чыгуначнікаў, малую залу Палаца Рэспублікі, Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр, гатэль «Рэнесанс», канцэртную залу на вуліцы Матусевіча, Дом літаратара, а таксама ў Рэспубліканскую мастацкую галерэю на вуліцы Казлова, 3.

Як паведаміў БелаПАН сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі, дзесяць арганізацый ужо адказалі адмовай даць памяшканне ў арэнду. Ён таксама паведаміў, што арганізатары звярталіся ў Менгарвыканкам з просьбай аказаць садзейнічанне ў арэндзе памяшкання для правядзення з'езду. Аднак у афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Ігара Карпенкі гаворыцца, што «пошук памяшканняў для такіх мерапрыемстваў не ўваходзіць у кампетэнцыю Менскага гарвыканкама». «Хаця ў 2011 годзе менавіта Менгарвыканкам пасля такога ліста дазволіў правядзенне ўстаноўчага з'езду арганізацыі ў Палацы культуры МТЗ», - дадаў сакратар аргкамітэта.

Ён падкрэсліў, што «БХД - адзіная хрысціянска-дэмакратычная партыя Еўропы, якая не мае рэгістрацыі». «Мы рыхтуем звароты да хрысціянскіх дэмакратаў Еўропы з просьбай зрабіць ціск на ўлады Беларусі, каб яны не перашкаджалі прадстаўленню памяшкання і гарантавалі права на свабоду асацыяцый», - паведаміў Садоўскі.

Варта адзначыць, што гэта ўжо пятая спроба зарэгістраваць БХД. Першы ўстаноўчы з'езд прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м - яшчэ два. Апошняя спроба рэгістрацыі была зроблена ў снежні 2011 года, але, як і ўсе папярэднія, выявілася беспаспяховай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках