3 траўня 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-старшыня Белкаапсаюза застанецца пад вартай

Экс-старшыня Белкаапсаюза застанецца пад вартай

2 чэрвеня ў Вярхоўным судзе прадоўжыліся слуханні паводле гучнай крымінальнай справы - былыя супрацоўнікі «Белкаапсаюза» абвінавачваюцца ў карупцыі.

На лаве падсудных - шэсць чалавек. Былога старшыню арганізацыі Сяргея Сідзько абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і атрыманні хабару. На пасадзе кіраўніка ён прапрацаваў амаль пяць гадоў, да гэтага ўзначальваў праўленне Берасцейскага аблспажыўсаюза, піша БелаПАН.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генпракурорам заяўляў, што Сідзько купіў і аформіў на дачку дом на Канарскіх выспах. «За продаж будынка ў цэнтры Менска патрабаваў хабар у паўмільёна даляраў», - заявіў ён.

Сідзько знаходзіцца пад вартай. Ён і ягоны абаронца хадайнічалі аб змене меры стрымання, скардзячыся на дрэннае самаадчуванне падсуднага. Аднак суд не падтрымаў просьбу - экс-старшыня «Белкаапсаюза» і надалей будзе знаходзіцца пад вартай як і яшчэ адзін фігурант справы - грамадзянін Украіны Андрэй Турчаняк, якога вінавацяць у махлярстве і падбухторванні да дачы хабару. Сваю віну ён прызнае цалкам.

У якасці абвінавачанага таксама значыцца Дзмітрый Калодзежны, былы начальнік управы капітальнага будаўніцтва. Яму інкрымінаванае злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, падбухторванне да дачы хабару паўторна і атрыманне хабару ў вялікай суме паводле папярэдняй змовы.

У першых паведамленнях фігуравалі сумы да 500 тысяч даляраў. Кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх паведамляў, што пры будаўніцтве крамы ў Лідзе Калодзежны дзейнічаў у інтарэсах камерцыйных структур, у выніку чаго «Белкаапсаюзу» былі нанесеныя страты на суму блізу 700 мільёнаў рублёў.

У судзе Калодзежны прызнаў, што грошы браў, але садзейнічання нікому не аказваў. Да матэрыялаў справы далучаная квітанцыя на 20 млн рублёў аб частковай кампенсацыі даходу, атрыманага незаконным шляхам.

Абвінавачванне выстаўленае таксама былой намесніцы начальніка ўправы капітальнага будаўніцтва Элеаноры Сізук, якая цяпер працуе ў кампаніі Аляксандра Шакуціна - ААТ «Амкадор-Белвар». Жанчына абвінавачваецца ў атрыманні хабару, паўторным прыняцці незаконнай узнагароды. Яна цалкам пагадзілася з абвінавачваннямі.

Акрамя таго, у справе фігуруе былы намеснік дырэктара «Стройсервиса» Уладзімір Ленскі. Ён абвінавачваецца ў дапамаганні дачы хабару паўторна або ў вялікай суме. Сваю віну прызнаў і ўнёс у кошт выплаты шкоды дзяржаве дэпазіт на суму 174 млн рублёў.

А вось былы дырэктар будаўнічай фірмы ТАА «СонатаСтрой» Андрэй Дранько, якога абвінавачваюць у дачы хабару, сваю віну адмаўляе. На думку пракурора, хабар ён даваў пры дапамаганні Ленскага. Летась Дранько, дарэчы, быў асуджаны за саўдзел у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Сёння на судзе ён паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне, прад'явіў бальнічны ліст. «Я тры разы перанёс інфаркт, асцерагаюся за сваё здароўе, таму прашу адкласці разгляд справы да заканчэння тэрміну бальнічнага», - заявіў ён.

Пасля невялікага перапынку суд падтрымаў хадайніцтва. Перапынак абвешчаны да 8 чэрвеня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках