3 траўня 2024, Пятніца, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінка вучыць жыхароў Магілёва размаўляць па-беларуску

4
Украінка вучыць жыхароў Магілёва размаўляць па-беларуску
АНАСТАСІЯ РАНЧАНКА
ФОТА: SVABODA.ORG

Удзельніца моўных курсаў «Мова нанова» дапамагае магілёўцам успомніць родную мову.

Кавярня «Залаты ключык» - упадабанае моладдзю месца перакусу ў горадзе. Беларускую мову ў афармленні меню ў гэтай кавярні ўжываюць блізу дзевяці месяцаў. Ініцыятарам беларусізацыі стала тутэйшая юрыстка Анастасія Ранчанка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Неяк у інтэрнэце ўбачыла, што набіраліся курсы «Мова нанова». Пайшла туды. Для сябе там шмат што атрымала. Падумалася, што нешта трэба зрабіць для беларускай мовы. Аддзячыць заснавальнікам курсаў. Наважыла, што на новай працы абавязкова што-небудзь такое зраблю», - распавядае пра гісторыю сваёй задумы Анастасія.

«Перш за ўсё зрабілі беларускамоўнае меню. Звярнуліся па дапамогу да курсаў «Мова нанова». Пераклад нам зрабілі за дзень ці два. Цяпер у нас беларускамоўнае меню. Аднак толькі адсоткаў дзесяць нашых наведвальнікаў, студэнтаў, карыстаюцца гэтым меню. Астатнія ўсё ж выбіраюць расейскамоўнае», - прызнаецца Анастасія.

Рэакцыя наведвальнікаў на беларускую мову розная, кажа яна. Хтосьці крытыкуе, а хтосьці не заўважае.

«Некаторыя студэнты-наведвальнікі памылкі шукаюць. Кажуць, што гуглам перакладалі. Некаторыя чытаюць і смяюцца. Смешыць іх, напрыклад: «Чай - гарбата». Тыя, хто па-беларуску гаворыць, то добра рэагуюць на такую ініцыятыву. Большасць, аднак, не звяртае ўвагі».

«Але, вось стаяць яны ў чарзе, калі перапынак на абед, - разважае Анастасія. - Няма чым заняцца. І тут беларуская мова: «О, можна нешта пачытаць». Чытаюць па-беларуску, і з такіх маленькіх крокаў пачне фармавацца беларускае асяроддзе».

Беларуская мова, прызнаецца Анастасія, пакуль не прыносіць кавярні прыбытку. Кліентаў больш не стала. Аднак, суразмоўніца заўважае:

«Мы мяркуем, што беларуская мова - гэта вельмі важная справа. І калі дзесяць чалавек, якія да нас зазірнуць, таксама так мяркуюць, то і яны для нас важныя».

У тым, што моладзь не размаўляе па-беларуску, Анастасія абвінавачвае іх бацькоў, якія не надавалі ў выхаванні гэтаму належнай увагі. Сама ж яна нарадзілася ў сям'і ўкраінцаў. Бацькі патрапілі ў Беларусь у савецкі час па размеркаванні.

«У маім дзяцінстве бацькі гаварылі на ўкраінскай мове, але калі сюды прыехалі, то сталі размаўляць па-руску, бо тут так размаўлялі. Тут вельмі мала беларускамоўных сем'яў. Адукацыя, вядома ж, многае дае, але больш ад бацькоў залежыць. У сям'і дзіця атрымлівае першасныя ўяўленні аб жыцці і свеце. Мне блізкая пазіцыя пісьменніцы Святланы Алексіевіч, якая кажа, што ў многіх з нас яшчэ жыве савецкі чалавек. У тым ліку і ў моладзі пераважае савецкі менталітэт», - кажа Анастасія.

Анастасія не хавае, што ў жыцці размаўляе па-руску. Беларускую мову, аднак, стараецца ўжываць як мага больш:

«Мяне падтрымліваюць бацькі. Яны ж у мяне ўкраінцы. Ім хочацца, каб беларускай мовы было больш. Сябры мае ставяцца да маіх спроб размаўляць па-беларуску так: «Ну, кажаш і добра».

Мае дзеці рускамоўныя, але я чытаю ім беларускія казкі. Ім падабаецца. У іх пакуль небагаты слоўнікавы запас, але яны не саромеюцца ўжываць беларускія словы. У садку развітваюцца, вітаюцца па-беларуску, дзякуюць, як паядуць.

У мяне таксама небагаты слоўнікавы запас. Практыкі пакуль замала. У мяне беларускага атачэння няма. У нас дома шмат літаратуры: і Быкаў ёсць, і шмат беларускіх класікаў».

Анастасія адзначае, што праз падзеі ва Украіне ёй давялося сысці са сваёй ранейшай працы. Кажа, што разышліся погляды з калектывам наконт таго, што адбываецца ў суседняй краіне.

«Я нядаўна прыехала з Украіны. Была ў Кіеве, Адэсе, Львове - там вельмі адчуваецца нацыянальны ўздым. У людзей там вочы гараць. Хочацца, каб і ў нас такое было. Ёсць у нас моладзь - яе, праўда, няшмат, але ад яе залежыць наша будучыня. Хай іх дзесяць адсоткаў, але ў Беларусі, беларускай мовы ёсць будучыня. І мы не памром».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках