3 траўня 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фясенка: Перамовы ў Менску - фантасмагорыя

2
Уладзімір Фясенка: Перамовы ў Менску - фантасмагорыя

У Менску чарговым разам сабралася на перамовы Трохбаковая кантактная група. Гэта адбываецца на фоне абстрэлаў і нападаў, якія праводзяцца на Данбасе прарасейскімі баевікамі.

Сёння ў Менску праходзяць пасяджэнні чатырох рабочых падгруп, створаных для мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе, - у гуманітарных, палітычных, эканамічных пытаннях і пытаннях бяспекі, паведамляе «Радыё Свабода».

Увечары плануецца сустрэча Трохбаковай кантактнай групы. У яе на сталай аснове ўваходзяць прадстаўнікі Расеі, Украіны і АБСЕ. Дададзеныя таксама прадстаўнікі самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР».

Са слоў прадстаўніка Кіева на перамовах, былога ўкраінскага прэзідэнта Леаніда Кучмы, адно з галоўных пытанняў цяперашняга этапу кансультацый - дэмілітарызацыя вёскі Шырокіна пад Марыупалем і адвод ад лініі сутыкнення ўзбраенняў калібрам не менш за 100 міліметраў - мінамётаў і танкаў.

Папярэдняе пасяджэнне Трохбаковай кантактнай групы ў Менску 22 траўня не прынесла прарыўных развязанняў. Бакі не змаглі прасунуцца ў пытанні прызначэння мясцовых выбараў на Данбасе, правядзенне якіх прадугледжанае Менскімі пагадненнямі. Удзельнікі перамоваў толькі падвялі вынікі травеньскай працы чатырох падгруп і прызначылі дату наступных сустрэч.

Ці дамовіцца сёння пра нешта значнае кантактная група, разважае ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.

«Ні пра якія выбары і ні аб якім палітычным урэгуляванні на Данбасе не можа быць размовы, пакуль не будзе спынены агонь у зоне канфлікту.

Вось гэта просты адказ. Таму перамовы будуць ісці, будуць стварацца рабочыя групы, будуць выносіцца пытанні аб палітычным урэгуляванні, якое вельмі лабіявалі прадстаўнікі Расеі і сепаратысты. Але яны павінны разумець простую рэч: пакуль будуць доўжыцца абстрэлы, ніякіх выбараў і ніякага палітычнага ўрэгулявання там не будзе.

Я не чакаю ніякіх сур'ёзных прарываў ад чарговага пасяджэння рабочай групы ў Менску. Я мяркую, што пачалася новая фаза - доўгайграючы і млявапраяўны перамоўны працэс. Гэты працэс будзе ісці без якіх-небудзь сур'ёзных вынікаў у найбліжэйшай перспектыве», - мяркуе палітолаг.

Украінскі бок разумее немагчымасць спробаў развязаць канфлікт на Менскіх пасяджэннях, але ўдзельнічае ў перамовах, бо таго патрабуе Еўропа.

«Для Украіны гэта пытанне тактыкі. На мой погляд, Нямеччына і Францыя наіўна мяркуюць, што з дапамогай Менска могуць развязаць усе пытанні. Гэта не так. Еўропа дапусціла вельмі вялікую памылку, калі пайшла насустрач сепаратыстам і калі быў запушчаны дыялог аб палітычным урэгуляванні. Але павінна працаваць логіка - спачатку спыняем агонь, а затым развязваем пытанні з выбарамі. Таму ў выніку цяпер маем фантастычную карціну - людзі дамаўляюцца аб выбарах, але пры гэтым страляюць адзін у аднаго», - сказаў Уладзімір Фясенка.

Калі параўнаць сітуацыю з пачаткам года, то выпадкаў абстрэлаў фіксуецца значна менш. Аднак казаць аб устойлівым замірэнні не прыходзіцца.

«Вядома, дрэннае замірэнне лепш, чым інтэнсіўныя вайсковыя дзеянні. Але застаецца рызыка эскалацыі канфлікту. Цяперашні стан я б назваў «напаўзамірэннем». На некаторых адцінках лініі размежавання вайсковых дзеянняў практычна няма, але ёсць некалькі пунктаў, дзе баі прадаўжаюцца кожны дзень, - гэта Шырокіна, раён Данецкага аэрапорта, горада Шчасце і Станіца Луганская ў Луганскай вобласці, Горлаўка. У гэтых пунктах баявыя дзеянні прадаўжаюцца кожны дзень і часам страляюць «Грады». Калі не будзе поўнага спынення агню, то ніякага руху далей у перамовах не будзе», - мяркуе палітолаг.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках