3 траўня 2024, Пятніца, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Newsweek: Расейцы зноў пішуць даносы на суседзяў і сяброў, як у СССР

10
Newsweek: Расейцы зноў пішуць даносы на суседзяў і сяброў, як у СССР

Даносы і "ананімкі" становяцца звычайнай з'явай у паўсядзённым жыцці расейцаў.

Жыхары Расеі скардзяцца ўладам на суседзяў, сяброў і чыноўнікаў з мэтай дамагчыся кар'ернага росту і лепшага жыцця. Некаторыя экспэрты ў Расеі параўноўваюць папулярнасць даносаў сёння з 1930-мі гадамі ў СССР. Пра гэта сёння піша Newsweek (пераклад - zn.ua).

Часцей за ўсё даносы ўладам на суайчыннікаў расейцы пішуць ананімна, падпісваючы лісты ад імя "занепакоенага грамадзяніна". Але ў некаторых выпадках такія скаргі публічныя і часам паступаюць ад імя мясцовых дэпутатаў ці прадстаўнікоў Дзярждумы РФ. Расейскія экспэрты кажуць, што чыноўнікі часам фабрыкуюць свае абвінавачванні з мэтай апраўдаць свае неправамерныя дзеянні.

Праваабаронца Аляксандр Чаркасаў звяртае ўвагу на дзяржаўную кампанію супраць "папулярызацыі экстрэмізму і гомасэксуальнасці або абразы рэлігійных людзей". Са слоў праваабаронцы, у рамках гэтай кампаніі на групы людзей і асобаў быў зроблены неапраўданы і несправядлівы ціск. Галоўная рэдактарка расейскага глянцавага часопіса Ганна Рашоткіна распавяла, як ёй прыйшлося тлумачыць пракурору размяшчэнне на вокладцы фота пераможцы конкурсу прыгажосці, абгорнутай у дзяржаўны сцяг Расеі.

Паводле яе слоў, справу супраць яе выдання распачалі праз "ананімную скаргу". "Сітуацыя вяртаецца да 1937 году, калі былі распаўсюджаныя ананімкі і даносы. Людзі, якія звяртаюцца да гэтага, не складаюць большасць. Але яны шукаюць выгады для сябе, кар'ернага росту. Таму яны вельмі актыўныя", - патлумачыла галоўная даследчыца Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук РФ Ірына Халы.

У артыкуле гаворыцца пра тое, што на Захадзе людзі таксама скардзяцца паліцыі і прадстаўнікам уладаў адзін на аднаго. Аднак у адрозненне ад заходняй практыкі, у Расеі хтосьці можа напісаць "ананімку" толькі за тое, што яму здаліся абразлівымі паводзіны іншага чалавека. Калі на Захадзе скаргі служаць захаванню парадку, то ў Расеі яны - спосаб караць людзей.

"У заходніх грамадствах няма месца беспадстаўнаму даносу, бо на яго ніяк не адрэагуюць. Але ў нас усё інакш. Пустыя абвінавачванні ўзаконеныя і выклікаюць наступствы", - растлумачыў культуролаг Гасан Гусейнаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках