5 траўня 2024, Нядзеля, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ, МТЗ, БелАЗ і «Гомсельмаш» чакаюць масавыя звальненні

62
МАЗ, МТЗ, БелАЗ і «Гомсельмаш» чакаюць масавыя звальненні

Экспэрты прагназуюць, што «аптымізацыя» супрацоўнікаў пачнецца адразу пасля «выбараў».

Адзіная антыкрызісная стратэгія для буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі - скарачэнне вытворчасці да ўзроўню продажаў і значнае зніжэнне колькасці персаналу. Аднак беларускія ўлады наважылі фінансава падтрымаць Менскі аўтамабільны завод, БелАЗ, Гомсельмаш і Менскі трактарны завод, каб хаця б да «выбараў» дацягнуць без істотных скарачэнняў, піша «Заўтра тваёй краіны».

Паводле вынікаў пяці месяцаў падзенне вытворчасці машын і абсталявання склала 29,2%. Тэмпы падзення павялічваюцца з кожным месяцам.

На 1 траўня сумарныя страты прадпрыемстваў галіны перавысілі 900 млрд. рублёў, а колькасць стратных прадпрыемстваў - 40% ад іх агульнай колькасці. Сярод іх сістэмаўтваральныя БелАЗ, Менскі трактарны завод, «Гомсельмаш». А МАЗ стаў самым стратным адкрытым акцыянерным таварыствам у Беларусі паводле вынікаў 2014 года.

Прычынай сітуацыі, якая склалася ў галіне экспэрты называюць экспартныя праблемы. Паводле іх ацэнкі, для патрэбаў унутранага рынку вытворчыя магутнасці машынабудаўнічых гігантаў залішнія.

«Экспарт МАЗа больш чым на 60% залежыць ад расейскага попыту, які ва ўмовах дзеяння санкцый скараціўся ўдвая ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года, - адзначаецца ў аглядзе «Беларусь у фокусе». - Пастаўкі МТЗ і «Гомсельмаша» ўвязаныя з аб'ёмамі дзяржаўных субсідый сельскай гаспадаркі Расеі, а сёлета праз бюджэтны дэфіцыт фінансавыя рэсурсы прадпрыемствам расейскага АПК вылучаюцца ў недастатковай колькасці».

Аптымальным варыянтам выхаду з крытычнай сітуацыі экспэрты называюць скарачэнне вытворчасці да ўзроўню продажаў. БелАЗ ужо знізіў выпуск кар'ерных самазвалаў удвая, МАЗ скараціў у 2,2 разы вытворчасць грузавых аўтамабіляў, Гомсельмаш паменшыў амаль у шэсць разоў вытворчасць збожжаўборачных камбайнаў.

«Гэткае значнае скарачэнне вытворчых паказчыкаў патрабуе і адпаведнага паніжэння колькасці рабочага персаналу», - адзначаюць экспэрты.

Аднак з улікам негатыўнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне беларускія ўлады не гатовыя пайсці на значнае скарачэнне працоўных калектываў. Паводле прагнозаў экспэртаў, утрыманне залішніх працоўных месцаў будзе адбывацца за кошт далейшага нарошчвання страт прадпрыемстваў, якія дзяржава часткова кампенсуе праз выдзяленне крэдытных рэсурсаў і субсідый з бюджэту.

А пасля правядзення «выбараў» аптымізацыя колькасці працоўных калектываў будзе прадаўжацца, бо аднаўленне збыту ў машынабудаванні не прадбачыцца ў каротка- і сярэднетэрміновым перыядзе.

Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераводзяцца на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. У рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» і іншых.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках