26 красавiка 2024, Пятніца, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Аўтуховіч адбіўся ад фальшывых абвінавачванняў

6
Мікалай Аўтуховіч адбіўся ад фальшывых абвінавачванняў
МІКАЛАЙ АЎТУХОВІЧ

Гарадзенскі абласны суд закрыў справу супраць грамадскага актывіста і былога палітвязня паводле фальшывага абвінавачання ў абмене валюты.

Следчыя Управы фінансавых расследаванняў Ваўкавыскага раёна склалі на Мікалая Аўтуховіча пратакол, паводле якога ён незаконна набыў валюту ў пасажыра таксі. У пратаколе былі запісаныя паказанні двух сведкаў. У судзе сведкі ад іх адмовіліся, паведамляе «Радыё Свабода».

Са слоў Аўтуховіча, адзін з пасажыраў таксі сапраўды прапаноўваў яму набыць 5 тысяч расейскіх рублёў, але ён адмовіўся. Пазней яго выклікалі ў фінансавую паліцыю і паказалі пратакол аб тым, што ён валюту ўсё-ткі набыў. Аўтуховіч распавёў следчым, як усё было напраўду, але яго ніхто не стаў слухаць, а справу перадалі ў суд.

- Той хлопец, які мяняў гэтыя грошы і якога пазней затрымалі, у судзе паказаў, што казаў следчаму разоў дзесяць, што грошы мне мяняў не Аўтуховіч, а іншы чалавек на вакзале. «А потым я неяк прыходжу чарговым разам на допыт, а яны мне кажуць, што ты, маўляў, быў п'яны і нічога не памятаеш - ты мяняў гэтыя грошы ў Аўтуховіча. Скажаш так, атрымаеш чатыры мінімальныя і цябе ніхто чапаць не будзе. Ну, я таму і падпісаў». Так ён распавёў у судзе, - распавёў былы палітвязень.

Падобным чынам, са слоў Аўтуховіча, ад паказанняў адмовіўся і другі сведка, якога дапытваў суддзя.

Ваўкавыскі раённы суд апраўдаў Аўтуховіча, але ў абласны суд на гэтую пастанову ўжо з абласной Управы фінансавых расследаванняў была пададзеная скарга. У ёй гаварылася, што віна Аўтуховіча падчас следства была ўстаноўленая, але чаму сведкі змянілі свае паказанні - невядома.

Аднак сёння ў Гарадзенскім абласным судзе было заяўлена, што справа закрытая.

Мікалай Аўтуховіч распавёў, што наогул не ўяўляе, каму і для чаго трэба было фабрыкаваць супраць яго справу, але думае, што ў яго яшчэ засталіся нядобразычліўцы ў ведамстве фінансавых расследаванняў.

- Я разумею, што можна неяк падфарбаваць, сфабрыкаваць справу. Але ўзяць пад рукі двух сведак, якія проста так скажуць, што Аўтуховіч незаконна мяняў грошы, і прыйсці з гэтым у суд... Але нават тых грошай, пра якія яны казалі, у справе не было, - сказаў ён.

Цяпер Аўтуховіч мае намер скардзіцца ў суд на Управу фінансавых расследаванняў, каб яму вярнулі выдаткі на судовы працэс.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках