4 траўня 2024, Субота, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Тэмы палітвязняў і зніклых - прыярытэтныя

5
Алег Волчак: Тэмы палітвязняў і зніклых - прыярытэтныя
Алег Волчак
ФОТА: CHARTER97.ORG

Спецыяльная рабочая група правоў чалавека з Еўразвязу наведала Менск.

Як стала вядома charter97.org, у Менск прыехала тэхнічная рабочая група з Еўразвязу, якая рыхтуе працэдурныя пытанні ў правах чалавека на сустрэчу з урадам Беларусі. Для таго, каб выслухаць меркаванне грамадзянскай супольнасці аб тым, якія пытанні павінны быць уключаны ў парадак дня, на сустрэчу былі запрошаныя прадстаўнікі праваабарончых арганізацый: ПЦ «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, «Прававая дапамога насельніцтву» і Lawtrend. Пра гэта распавёў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

«На гэты момант афіцыйны Менск перад выбарамі спрабуе выбудаваць канструктыўны дыялог з Еўразвязам і, вядома, да выбараў ім бы хацелася абмеркаваць шэраг пытанняў у супрацоўніцтве. Сёння, пасля Рыжскага саміту, мы зразумелі, што асноўныя пытанні ў правах чалавека будуць гучаць мякчэй, чым яны гучалі раней. Да прыкладу, сёння абмяркоўвалі тэмы грамадскіх арганізацый, пытанне праблем дзяцей і пытанне аб катаваннях. Мы, праваабаронцы, вярнуліся да тэмы палітвязняў і я асабіста настаяў на тэме, якая ўжо забываецца - выкраданне людзей 15 гадоў таму. Ёсць рэзалюцыя ЕЗ, ААН, АБСЕ, але за 15 гадоў урад так і не падаў ніякай інфармацыі пра гэта. Акрамя гэтага, мы агаварылі наяўнасць сур'ёзнай праблемы з журналістамі-фрылансёрамі і неабходнасць пастаноўкі такога пытання перад уладамі, каб спыніць пераслед і ціск.

Наколькі мы зразумелі, беларускі ўрад не збіраецца асобна абмяркоўваць правы чалавека дзеля свабодных выбараў, таму, мы мяркуем, што нават у рамках сустрэчы варта гэтае пытанне падняць. Калі ўлады зацікаўленыя ў паляпшэнні стасункаў з Еўразвязам, то яны павінны зрабіць заканадаўства ліберальным. Я згадаў, што мы цягам 20 гадоў прапаноўвалі ўнесці змены, але рэакцыі ніякай не было. Натуральна, ёсць сумневы ў тым, наколькі сумленнымі будуць выбары.

Сёння відаць, што ўрад вельмі зацікаўлены ў тым, каб змякчыць пазіцыю Еўразвязу ў галіне правоў чалавека на перыяд выбараў. Але нашу бесстароннюю для ўладаў пазіцыю, пазіцыю праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці, мы ўсё роўна будзем агучваць. Прынамсі, гэта дзве вялікія тэмы: палітвязні і зніклыя. Гэта для нас прыярытэты», - распавёў праваабаронца.

Усе праваабаронцы выказалі пажаданне, каб на гэтай сустрэчы таксама прысутнічалі праваабарончыя арганізацыі, якія вядуць маніторынг і якія могуць даць аб'ектыўную ацэнку аб правах чалавека ў Беларусі.

Алег Волчак таксама адзначыў, што, на жаль, ніхто не ведае рэгламенту будучай сустрэчы гэтай рабочай групы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска. Вядома толькі, што адбудзецца яна ў канцы ліпеня або пачатку жніўня. Са слоў праваабаронцы, правілы гульні цяпер дыктуе менавіта афіцыйны Менск і падрыхтоўка да сустрэчы для яго ідзе з вялікімі цяжкасцямі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках